ЯРЭМІЯ 49 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 49

1 Адносна сыноў Амона. «Гэта кажа ГОСПАД. Хіба няма сыноў у Ізраіля? Хіба няма ў яго спадкаемцы? Навошта Мільком узяў спадчыну Гада, і народ ягоны жыве ў гарадах іхніх?

2 Дзеля гэтага надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і пачуюць гармідар ваенны ў Раббе сыноў Амона, і яна станецца руінаю і пусткаю, і дочкі ейныя будуць спаленыя агнём. І ўспадкаеміць Ізраіль спадчыну сваю, кажа ГОСПАД.

3 Галасі, Хешбон, бо зруйнаваны Гай! Лямантуйце, дочкі Раббы, апраніцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю разам са сьвятарамі ягонымі і князямі ягонымі.

4 Чаго ты хвалішся далінамі сваімі? Расьцяклася даліна твая, дачка няверная. Ты спадзявалася на скарбы твае: “Хто прыйдзе да мяне?”

5 Вось, Я прывяду на цябе страх, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, ад усіх, хто вакол цябе, і вы паўцякаеце, кожны ў свой бок, і ня будзе каму зьбіраць уцекачоў.

6 Але потым Я вярну палонных сыноў Амона, кажа ГОСПАД».

7 Адносна Эдому. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Ці ўжо больш няма мудрасьці ў Тэмане? Хіба спынілася рада разумных, і непатрэбнай сталася мудрасць іхняя?

8 Уцякайце, бяжыце назад, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдану, бо Я прывёў загубу Эзава на яго, час, калі наведваю яго.

9 Калі зьбіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе, яны не пакінуць недазьбіранага, і калі злодзеі уначы, яны панішчаць, колькі хочуць.

10 Бо Я агалю Эзава, адкрыю сховы ягоныя, нічога ён сха­ваць ня зможа. Зьнішчана будзе насеньне ягонае, і браты ягоныя, і суседзі ягоныя, і ня будзе яго.

11 Пакінь сіротаў тваіх, Я ўтрымаю пры жыцьці, і ўдовы твае няхай спадзяюцца на Мяне.

12 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, тыя, якім не прысуджана піць келіх, п’ючы, будуць піць, а ты як застанешся непакараным? Ня будзеш непакараным, але п’ючы, будзеш піць”.

13 Прысягаю на Самога Сябе, кажа ГОСПАД, што Боцра станецца спусташэньнем, і ганьбаю, і пустэчаю, і праклёнам, і ўсе гарады ейныя стануцца руінамі на вякі.

14 Я пачуў вестку ад ГОСПАДА, і весьнік пасланы да народаў: “Зьбірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою!”

15 Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным між людзьмі.

16 Падманула цябе фанабэрыя твая і пыхлівасьць сэрца твайго, цябе, які жывеш у пячорах скальных і трымаешся ўзгоркаў высокіх. Бо хоць ты высока зьвіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль скіну цябе, кажа ГОСПАД.

17 Эдом станецца пустэчай, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных.

18 Як пасьля зьнішчэньня Садому і Гаморы і суседзяў іхніх, кажа ГОСПАД, ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы.

19 Вось, ён выходзіць як леў з гушчара над Ярданам на паплавы зялёныя. Я ў момант змушу яго ўцякаць ад іх, а выбранага юнака пастаўлю над імі. Бо хто да Мяне, або хто пакліча Мяне? І які пастыр устаіць перад абліччам Маім?

20 Дзеля гэтага паслухайце пра намер ГОСПАДА, які Ён мае адносна Эдому, і думкі Ягоныя, якія Ён мае адносна жыхароў Тэману. Выцягнуць нават найменшых авечак, і будуць спустошаны пашы іхнія.

21 Ад гуку зьнішчэньня іхняга задрыжыць зямля, і крык будзе чутны над Морам Чырвоным.

22 Вось, як арол, падымаецца ён, і ўзьлятае, і раскідвае крылы свае над Боцраю, і сэрца волатаў Эдому ў той дзень станецца як сэрца жанчыны, якая нараджае».

23 Адносна Дамаску. «Асаромеюцца Хамат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора, якое супакоіцца ня можа.

24 Аслабеў Дамаск, павярнуўся, каб уцякаць, ахапіў яго страх, мучэньні і болі апанавалі яго як жанчыну, якая нараджае.

25 Як ты спустошаны, горад слаўны, горад вясёласьці?

26 Таму ўпадуць юнакі ягоныя на плошчах ягоных, і ўсе ваяры змоўкнуць у той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

27 І Я распалю агонь на мурах Дамаску, і ён спаліць палацы Бэн-Гадада».

28 Адносна Кедару і валадарства Хацор, якія пабіў Навухаданосар, валадар Бабілонскі. «Гэта кажа ГОСПАД: “Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу!”

29 Забяруць намёты іхнія і авечак іхніх, і накрыцьці іхнія, і ўсе начыньні іхнія, павядуць вярблюдаў іхніх сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”.

30 Уцякайце, выходзьце хутчэй, хавайцеся ў ямы, жыхары Хацору, кажа ГОСПАД, бо супраць вас радзіць раду Навухаданосар, валадар Бабілонскі, і задумаў супраць вас намер.

31 “Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які жыве бясьпечна, кажа ГОСПАД, няма ў іх брамаў, і няма засавак, і жывуць яны самотна”.

32 І стануцца вярблюды іхнія здабычаю, а мноства чародаў іхніх — на рабунак. І Я расьцярушу іх на ўсе вятры, тых, якія падразаюць на скронях, і з усіх бакоў прывяду загубу на іх, кажа ГОСПАД.

33 І станецца Хацор прыстанішчам цмокаў і пусткаю на вякі. Ня будзе жыць там чалавек, і не паселіцца там сын чалавечы».

34 Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Эляму на пачатку валадараньня Сэдэкіі, валадара Юды, кажучы:

35 «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Вось, Я зламлю лук Эляму, пачатак сілы ягонай.

36 І прывяду на Элям чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і расьцярушу іх на ўсе вятры гэтыя. І ня будзе такога народу, да якога ня прыйдуць выгнанцы з Эляму.

37 І Я напужаю Элям перад абліччам ворагаў іхніх і перад абліччам тых, якія шукаюць душу іхнюю. І прывяду на іх ліха і лютасьць гневу Майго, кажа ГОСПАД, і пашлю за імі меч, пакуль ня іх да канца.

38 І Я пастаўлю пасад Мой у Эляме, і выкіну адтуль валадара і князёў, кажа ГОСПАД.

39 Але будзе ў будучых днях, Я вярну палонных Эляму, кажа ГОСПАД».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help