ДАНІІЛ 6 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 6

1 Спадабалася Дарыю паставіць над валадарствам сто дваццаць князёў, якія будуць над усім валадарствам,

2 а над імі — трох маршалкаў, адным з якіх Данііл, каб гэтыя князі давалі справаздачы ім і каб валадар ня меў ніякай страты.

3 Гэты Данііл пераўзыходзіў маршалкаў і князёў, бо ў яго быў дух надзвычайны, і валадар думаў паставіць яго над усім валадарствам.

4 Тады маршалкі і князі шукалі прычыны, каб абвінаваціць Данііла ў справах валадарства, але ніякай прычыны ці заганы не маглі знайсьці, бо ён быў верны, і ніякае занядбаньне ці загана не былі знойдзены ў ім.

5 Тады сказалі тыя лю­дзі: «Мы ня знойдзем супраць Данііла гэтага нейкую прычыну, хіба толькі знойдзем нешта супраць яго ў Законе Бога ягонага».

6 Тады тыя маршалкі і князі пасьпяшаліся да валадара і гэтак сказалі яму: «Дарый валадар, жыві на вякі!

7 Парадзіліся ўсе маршалкі валадарства, начальнікі, князі, раднікі і ваяводы, каб выдаць пастанову валадарскую і зрабіць пастанову, што калі хто на працягу трыццаці дзён будзе прасіць просьбаю якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, той будзе кінуты ў роў з ільвамі.

8 Цяпер, валадару, зацьвердзь пастанову і падпішы ліст, які ня можа быць зьменены, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».

9 Тады валадар Дарый падпісаў ліст і пастанову.

10 А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны ліст, пайшоў у дом свой, і вокны ў пакоі ягоным былі адчыненыя ў бок Ерусаліму, і тройчы ў дзень ён схіліў калені свае і маліўся, і дзякаваў Богу свайму так, як рабіў перад гэтым.

11 Тады мужы тыя пасьпяшаліся і знайшлі Данііла, які ўзносіў просьбы і маленьні да Бога свайго.

12 Тады яны наблізіліся і сказалі валадару пра пастанову валадарскую: «Ці ж ты не падпісаў пастанову, што кожны чалавек, які будзе прасіць на працягу трыццаці дзён якога бога або чалавека, а не цябе, валадару, будзе кінуты ў роў з ільвамі?» Валадар адказаў і сказаў: «Праўдзівае слова гэтае, як закон Мідзянаў і Пэрсаў, які не зьмяняецца».

13 Тады яны адказалі і сказалі перад валадаром: «Данііл, які з сыноў выгнаньня Юдэйскага, не зважае на пастанову тваю, валадару, і на забарону, якую ты падпісаў, але тройчы ў дзень узносіць малітву сваю».

14 Калі валадар пачуў гэтыя словы, ён вельмі засмуціўся, і да Данііла прыхіліў сэрца, каб выратаваць яго, і намагаўся аж да заходу сонца вызва­ліць яго.

15 Тады тыя людзі пасьпяшаліся да валадара і сказалі валадару: «Ведай, валадару, што паводле закону Мідзянаў і Пэрсаў ніякая забарона і пастанова, якая пастаноўленая валадаром, ня могуць быць зьменены».

16 Тады валадар сказаў, і прывялі Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Бог твой, Якому ты заўжды служыш, няхай выратуе цябе».

17 І быў прынесены адзін камень, і быў паложаны на адтуліну рову, і валадар запячатаў яе сыгнэтам сваім і сыгнэтам магнатаў сваіх, каб нічога не магло быць зьменена адносна Данііла.

18 Пасьля пайшоў валадар у палац свой і правёў ноч у посьце, і музычных інструмэнтаў не прыносілі да яго, і сон ягоны адыйшоў ад яго.

19 Тады валадар устаў на золку і пасьпешліва пайшоў да рову з ільвамі.

20 І, падыйшоўшы да рову, ён крыкнуў голасам жалосным да Данііла. Адказаў валадар і сказаў Даніілу: «Данііл, слуга Бога Жывога! Бог твой, Якому ты заўжды служыш, ці змог выратаваць цябе ад ільвоў?»

21 Тады прамовіў Данііл да валадара: «Валадару, жыві на вякі!

22 Бог мой паслаў анёла Свайго і зачыніў пашчы ільвоў, і яны не пашкодзілі мне, бо нявіннасьць перад Ім была знойдзена ў-ва мне, і табе, валадару, я не зрабіў шкоды».

23 Тады валадар моцна ўсьцешыўся і сказаў, каб вывелі Данііла з рову; і Данііл быў выцягнуты з рову, і ніякага пашкоджаньня не знайшлі на ім, бо ён верыў у Бога свайго.

24 І сказаў валадар, і прывялі тых мужоў, якія абвінавацілі зласьліва Данііла, і кінулі ў роў з ільвамі іх, сыноў іхніх і жонак іхніх; і не дасягнулі яны яшчэ дна рову, як схапілі іх ільвы і патрушчылі ўсе косткі іхнія.

25 Тады Дарый валадар напісаў усім народам, плямёнам і мовам, якія жылі на ўсёй зямлі: «Супакой ваш няхай памножыцца!

26 Ад мяне выдадзены загад, каб паўсюль, дзе ўлада валадарства майго, усе трымцелі і баяліся перад Богам Данііла, бо Ён — Бог Жывы, Які існуе вечна, і валадарства Ягонае ня будзе зьнішчана, і ўлада Ягоная ня мае канца.

27 Ён ратуе і вызваляе, і робіць і цуды ў небе і на зямлі, бо Ён выратаваў Данііла ад ільвоў».

28 І гэты Данііл меў поспех у валадараньня Дарыя і валадараньня Кіра Пэрса.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help