ІСАЯ 26 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 26

1 У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў.

2 Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.

3 Таго, чые думкі скіраваныя, Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца.

4 Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная.

5 Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно.

6 Топча яго нага, ногі ўбогага, стопы бедных.

7 Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі.

8 І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа.

9 Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету.

10 Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА.

11 ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.

12 ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас.

13 ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем.

14 Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх.

15 Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.

16 ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая на нас.

17 Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ!

18 Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся.

19 Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх.

20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны.

21 Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, з іх. І зямля адкрые кроў, на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help