ЭКЛЕЗІЯСТ 3 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Экл 3

1 Для ўсяго ёсьць свой тэрмін, і час для кожнай рэчы пад небам;

2 Час нараджацца і час паміраць, час садзіць і час вырываць тое, што пасаджана.

3 Час забіваць і час лекаваць, час разбураць і час будаваць.

4 Час плакаць і час сьмяяцца, час галасіць і час танчыць.

5 Час кідаць камяні і час зьбі­раць камяні, час абдымаць і час пазьбягаць абдымкаў.

6 Час шукаць і час губляць, час захоўваць і час пакідаць.

7 Час разьдзіраць і час сшы­ваць, час маўчаць і час гаварыць.

8 Час любіць і час ненаві­дзець, час вайны і час міру.

9 Што за карысьць мае з працы сваёй той, хто працуе?

10 І я ўбачыў занятак, які даў Бог сынам чалавечым, каб яны займаліся ім.

11 Усё Ён зрабіў прыгожым у свой час; і даў ім вечнасьць у сэрца, аднак чалавек не спасьцігне справаў, якія робіць Бог, ад пачатку аж да канца.

12 І даведаўся я, што няма для іх нічога лепшага, як весяліцца і рабіць добрае ў жыцьці сваім.

13 І тое, што кожны чалавек есьць і п’е, і бачыць добрае з усёй цяжкай працы сваёй, — гэта дар Божы.

14 І даведаўся я, што ўсё, што робіць Бог, трывае на вякі; нельга да таго дадаць і нельга ад таго адняць, і Бог робіць так, каб баяліся аблічча Яго.

15 Тое, што было, цяпер ёсьць, і тое, што мае быць, ужо было, і Бог знаходзіць тое, што прамінула.

16 І яшчэ бачыў я пад сонцам: месца суду, а там беззаконьне, месца праведнасьці, а там няправасьць.

17 Сказаў я ў сэрцы маім: “Праведніка і бязбожніка будзе судзіць Бог, бо там ёсьць час на кожную рэч і на кожную справу”.

18 Сказаў я ў сэрцы маім пра сыноў чалавечых, што Бог ачышчае іх і паказвае, што яны самі па сабе — як тая жывёла.

19 Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля; як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць.

20 Усё ідзе ў адно месца, усё з пылу паўстала, і ўсё ў пыл вяртаецца.

21 Хто ведае, ці дух сыноў чалавечых узыходзіць угору, ці дух жывёлы зыходзіць уніз, у зямлю?

22 І ўбачыў я, што нічога няма лепшага для чалавека, як радавацца са справаў сваіх, бо гэта доля ягоная. Бо хто прывядзе яго паглядзець на тое, што будзе пасьля яго?

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help