1 САМУЭЛЯ 7 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 7

1 І прыйшлі жыхары Кірыят-Ярыму, і забралі Каўчэг ГОСПАДА, і прынесьлі яго на ўзгорак у дом Абінадава, і пасьвяцілі Элеазара, сына ягонага, каб захоўваў Каўчэг ГОСПАДА.

2 З таго дня, як застаўся Каўчэг ГОСПАДА ў Кірыят-Ярыме, прайшло шмат дзён, дваццаць гадоў. І ўвесь дом Ізраіля галасіў дзеля ГОСПАДА.

3 І сказаў Самуэль усяму дому Ізраіля: «Калі хочаце навярнуцца ўсім сэрцам да ГОСПАДА, выкіньце спасярод сябе ўсіх багоў чужых і Астарту, і прыхіліце сэрцы свае да ГОСПАДА, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук Філістынцаў».

4 І павыкідалі сыны Ізраіля Баалаў і Астарту, і служылі толькі ГОСПАДУ.

5 І сказаў Самуэль: «Зьбярыце ўвесь Ізраіль у Міцпе, і я памалюся за вас да ГОСПАДА».

6 І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень, і казалі там: «Саграшылі мы перад ГОСПАДАМ». І судзіў Самуэль сыноў Ізраіля ў Міцпе.

7 І пачулі Філістынцы пра тое, што сыны Ізраіля сабраліся ў Міцпе, і валадары Філістынцаў пайшлі супраць Ізраільцянаў. І калі даведаліся пра гэта сыны Ізраіля, яны напалохаліся Філістынцаў,

8 і прасілі сыны Ізраіля Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць да ГОСПАДА, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук Філістынцаў».

9 І ўзяў Самуэль адно ягнятка-сасунка, і склаў усяго яго ГОСПАДУ ў ахвяру цэласпаленьня. І клікаў Самуэль ГОСПАДА ў справе Ізраіля, і выслухаў яго ГОСПАД.

10 І калі Самуэль складаў ахвяру цэласпаленьня, Філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраіля. У той дзень загрымеў ГОСПАД грымотамі вялікімі над Філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя Ізраільцянамі.

11 І выйшлі Ізраільцяне з Міцпы, і перасьледавалі Філістынцаў, і забівалі іх аж да Бэт-Кару.

12 І ўзяў Самуэль адзін камень, і палажыў яго паміж Міцпою і Шэнам, і назваў тое месца Эбэн-Гаэзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам ГОСПАД».

13 Так упакораны былі Філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраіля. І была рука ГОСПАДА на Філістынцах у-ва ўсе дні Самуэля.

14 І вярнуліся да Ізраіля гарады, забраныя Філістынцамі ад Экрону аж да Гату. Ізраільцяне забралі землі свае з рук Філістынцаў, і запанаваў мір між Ізраілем і Амарэйцамі.

15 І судзіў Самуэль Ізраіля ў-ва ўсе дні жыцьця свайго.

16 І штогод ён хадзіў у Бэтэль, Гільгал і Міцпу, і судзіў Ізраіля ў-ва ўсіх гэтых месцах.

17 Пасьля вяртаўся ў Раму, бо там быў дом ягоны, і там судзіў Ізраіля. І ён пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help