ВЫХАД 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Вых 5

1 І потым прыйшлі Майсей і Аарон, і сказалі фараону: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Адпусьці народ Мой, і яны будуць сьвяткаваць Мне ў пустыні”».

2 І сказаў фараон: «Хто такі ГОСПАД, каб я паслухаў голасу Ягонага адпусьціць Ізраіля? Я ня ведаю ГОСПАДА і таксама Ізраіля не адпушчу».

3 I яны сказалі: «Бог Гебраяў зьявіўся нам. Дык мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню, і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, каб Ён не наведаў нас пошасьцю або мячом».

4 I сказаў ім валадар Эгіпту: «Навошта вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы ягонай? Ідзіце да работаў вашых».

5 I сказаў фараон: «Вось, шматлікі цяпер народ зямлі гэтай, а вы адцягваеце іх ад работаў іхніх».

6 I загадаў фараон у той дзень прыганятым народу і наглядчыкам яго, кажучы:

7 «Не давайце больш народу саломы на выраб цэглы, як учора і пазаўчора. Няхай яны ідуць і зьбіраюць сабе салому.

8 А колькасьць цэглы, якую яны выраблялі ўчора і пазаўчора, налажыце на іх і не зьмяншайце яе; бо яны лянуюцца і таму крычаць, кажучы: “Пойдзем, складзем ахвяру Богу нашаму”.

9 Няхай абцяжарыць праца людзей, і няхай яны працуюць і ня слухаюць словаў хлусьлівых».

10 I выйшлі прыганятыя народу і наглядчыкі яго, і сказалі народу, кажучы: «Гэтак кажа фараон: “Не даю вам саломы.

11 Самі ідзіце, бярыце сабе салому, дзе знойдзеце, бо нічога ня зьменшыцца ў працы вашай”».

12 І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць іржышча замест саломы.

13 А прыганятыя прынукалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую, норму дзённую ў той самы дзень, як тады, калі была салома».

14 I білі наглядчыкаў сыноў Ізраіля, якіх паставілі над імі прыганятыя фараона, кажучы: «Чаму ня выканалі норму вырабу цэглы, што была ўчора і пазаўчора, ані ўчора, ані сёньня?»

15 I прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраіля, і крычалі да фараона, кажучы: «Чаму ты так робіш адносна слугаў тваіх?

16 Саломы не даюць слугам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабіце. I вось, слугаў тваіх б’юць; і вінавацяць народ твой».

17 Але ён сказаў: «Лайдакі вы, лайдакі; і таму вы кажаце: “Хадземце, складзем ахвяру ГОСПАДУ”.

18 I цяпер ідзіце, працуйце, і саломы не дадуць вам, але вызначаную колькасьць цэглы давайце».

19 I ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраіля, што яны ў бядзе, бо сказана: «Не зьмяншайце колькасьць цэглы, норму дзённую ў той самы дзень».

20 I сустрэлі яны Майсея і Аарона, якія стаялі, чакаючы іх, калі яны выйшлі ад фараона,

21 і сказалі ім: «Няхай узгляне ГОСПАД на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас агіднымі ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных, і далі меч у рукі іхнія, каб забіць нас».

22 I зьвярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Госпадзе, чаму Ты робіш зло народу гэтаму? Навошта Ты паслаў мяне?

23 Бо ад таго часу, як я прыйшоў да фараона, каб гаварыць у імя Тваё, зло робіцца народу гэтаму; а вызваліць, Ты ня вызваліў народ Твой!»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help