СУДЗЬДЗЯЎ 16 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Суд 16

1 І пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусьніцу, і прыйшоў да яе.

2 Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны акружылі яго і зрабілі засаду на яго ў браме гораду. І ўсю ноч яны сядзелі ціха, каб, калі настане раніца, забіць яго.

3 А Самсон спаў да паўночы, а калі ўстаў, схапіў вароты гарадзкой брамы разам з засаўкамі ейнымі, вырваў іх і палажыў сабе на плечы, і занёс на вяршыню гары, якая насупраць Хеўрону.

4 Пасьля гэтага Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў лагчыне Сарэк і называлася Даліла.

5 І прыйшлі да яе валадары Філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся, адкуль сіла ягоная вялікая і як нам перамагчы яго, і зьвязаць яго, і ўпакорыць яго. Калі гэта зробіш, дамо табе за гэта тысячу і сто срэбнікаў кожны».

6 І сказала Даліла Самсону: «Скажы мне, калі ласка, адкуль у цябе бярэцца такая сілавялікая і чым можна зьвязаць цябе, каб упакорыць цябе?»

7 Самсон сказаў ёй: «Калі зьвязаць мяне сямю сырымі шнурамі, якія яшчэ ня сушаныя, я зраблюся бясьсільным і стану, як іншыя людзі».

8 І прынесьлі ёй валадары Філістынцаў сем сырых шнуроў, якія былі ня сушаныя, і яна зьвязала імі яго.

9 А яны схаваліся ў другім пакоі, і яна крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён паразрываў шнуры як нітку зрэбную, апаленую агнём. І не даведалася яна, у чым сіла ягоная.

10 І сказала Даліла Самсону: «Падмануў ты мяне і схлусіў мне. Прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць зьвязаны».

11 Ён сказаў ёй: «Калі буду зьвязаны дзевяцьцю вяроў­камі, якія не былі ва ўжытку, буду слабы, як іншыя людзі».

12 І ўзяла Даліла новыя вяроўкі, і зьвязала яго, і крыкнула: «Філістынцы над табой, Самсон!» А ў другім пакоі была схаваўшыся засада, але ён разарваў вяроўкі на руках сваіх як ніткі.

13 І сказала Даліла Самсону: «Дакуль ты будзеш падман­ваць мяне і фальшыва гаварыць? Скажы, чым цябе трэба зьвязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем косаў галавы маёй у тканіну».

14 І яна прыбіла да калоды, і крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» І ён устаў зо сну, і вырваў цьвікі разам з тканінаю.

15 І сказала Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што кахаеш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не хацеў сказаць, у чым сіла твая вялікая».

16 І калі яна так штодзень дакучала і мучыла ўсьцяж яго, душа ягоная самлела аж да сьмер­ці і зьнемагла.

17 І адкрыў ён усё сэрца сваё, і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я — назір Божы ад улоньня маці маёй. Калі абгаліць мне, адыйдзе ад мяне сіла мая, і я стануся слабы, як іншыя людзі».

18 І ўбачыла Даліла, што ён адкрыў ёй усё сэрца сваё, і паслала па валадароў Філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сэрца сваё». Яны прыйшлі, узяўшы срэбра, якое ёй абяцалі.

19 І яна ўсьпіла яго на каленях сваіх, і паклікала чалавека, і загадала яму абгаліць сем косаў галавы ягонай, і ён стаў слабець, і адыйшла ад яго сіла ягоная.

20 І сказала яна: «Філістынцы над табой, Самсон!» Ён абудзіўся зо сну свайго і падумаў у душы сваёй: «Пайду як раней і вызвалюся», ня ведаючы, што ГОСПАД адыйшоў ад яго.

21 І схапілі яго Філістынцы, і адразу выкалалі яму вочы, і завялі ў Газу, дзе, прыкуты двума ланцугамі мядзянымі, мусіў ён малоць зерне ў вязьніцы.

22 Тым часам раней зголеныя валасы сталі ў яго адрастаць.

23 А валадары Філістынцаў сабраліся ўсе, каб скласьці ахвяру богу свайму Дагону і павесяліцца. Яны казалі: «Бог наш аддаў у рукі нашыя ворага нашага, Самсона».

24 І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашыя ворага нашага, які нішчыў зямлю нашую і многіх з нас забіў».

25 І калі яны ўзьвесяліліся, запатрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх забаўляў. І ён, прыведзены з вязьніцы, мусіў забаўляць іх. І паставілі яго стаяць паміж слупамі.

26 І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусьці мяне, каб мог я дакрануцца слупоў, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца».

27 А дом той быў поўны мужчынаў і жанчынаў, бо былі там усе князі Філістынскія, а на даху было каля трох тысячаў мужчынаў і жанчынаў, якія глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх.

28 І Самсон усклікнуў да ГОСПАДА, кажучы: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, узгадай пра мяне і вярні мне хоць у гэты раз даўнейшую сілу маю, каб я мог адпомсьціць Філістынцам за двое вачэй маіх!»

29 І Самсон узяўся за два слупы сярэднія, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адзін правай рукой, а на другі — левай рукой.

30 І сказаў Самсон: «Няхай памрэ душа мая разам з Філістынцамі!» І страсянуў ён моцна слупы, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі. І тых, якіх ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, якіх ён пазабіваў у час усяго жыцьця свайго.

31 І прыйшлі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, каб забраць яго. І вярнуліся, і пахавалі яго паміж Цораю і Эштаолам у магіле бацькі ягонага, Маноаха. А судзіў ён Ізраіль дваццаць гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help