МАРКА 5 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Мк 5

1 І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.

2 І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, нячыстым духам,

3 які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

4 Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.

5 І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі.

6 І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,

7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».

8 Бо сказаў яму: «Вый­дзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».

9 І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».

10 І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.

11 А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.

12 І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі».

13 І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.

14 А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і выйшлі паглядзець, што сталася.

15 І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.

17 І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.

18 І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19 Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».

20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

21 І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.

22 І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,

23 і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прый­дзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».

24 І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.

25 І нейкая жанчына, якая хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,

26 і шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,

27 пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,

28 бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».

29 І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.

30 І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»

31 І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»

32 Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.

33 А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

34 Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».

35 Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

36 Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».

37 І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

38 І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.

39 І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».

40 І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.

41 І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

42 І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І дзівіліся з захапленьнем вялікім.

43 І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help