АГЕЙ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Аг 2

1 У сёмы месяц, у дваццаць першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:

2 «Скажы цяпер Зэрубабэлю, сыну Шэалтыэля, ваяводзе Юды, і Егошуа, сыну Егацадака, сьвятару вялікаму, і рэшце народу, кажучы:

3 “Хто застаўся між вамі, што бачылі Дом гэты ў першай славе ягонай? І якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вачах вашых у параўнаньні з тым як нішто?

4 Але цяпер вось умацуйся, Зэрубабэлю, кажа ГОСПАД, і ўмацуйся, Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўмацуйся, увесь народ зямлі, кажа ГОСПАД, і рабіце; бо Я з вамі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

5 Паводле слова, якім Я ўмовіўся з вамі, калі вы выйшлі з Эгіпту, Дух Мой сярод вас. Ня бойцеся.

6 Бо гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: ‘Яшчэ раз, і неўзабаве, Я ўзварухну неба і зямлю, мора і сухазем’е,

7 і ўзварухну ўсе народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню Дом гэты славаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў’.

8 Маё срэбра і Маё золата, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

9 Большая будзе слава гэтага Дому апошняга, чым першага, кажа ГОСПАД Магуцьцяў; і на гэтым месцу Я дам супакой, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».

10 У дваццаць чацьвёрты дзень, у дзявяты месяц, у сёмы год Дарыя было слова ГОСПАДА да Агея прарока, кажучы:

11 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Спытайся цяпер у сьвятароў пра Закон, кажучы:

12 "Калі хто нёс асьвячонае мяса ў крысе адзеньня свайго і дакрануўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алею, або да якой ежы, ці будуць яны асьвячоныя?"”» І сьвятары адказалі: «Не».

13 І сказаў Агей: «А калі занячышчаны нябожчыкам дакранецца да нечага з гэтых, ці будуць яны нячыстымі?» І адказалі сьвятары, і сказалі: «Яны будуць нячыстымі».

14 І адказаў Агей, і сказаў: «Такія людзі гэтыя, і такі народ гэты перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, і такая кожная праца рук іхніх. Тое, што яны прыносяць у ахвяру, — нячыстае.

15 А цяпер зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, перш, чым быў пакладзены камень на камяні ў сьвятыні ГОСПАДА.

16 Было, што калі хто прыходзіў да капы ў дваццаць, было там дзесяць; і калі хто прыходзіў да тоўчні, каб выціснуць пяцьдзясят з тоўчні, было там дваццаць.

17 Я караў вас сушаю, і іржою, і градам усю працу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.

18 Зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад дня, у які закладзеная сьвятыня ГОСПАДА, зьвярніце сэрцы вашыя.

19 Ці ёсьць яшчэ насеньне ў сьвірне? Ці яшчэ вінаград, і дрэва фігавае, і дрэва гранатовае, і дрэва аліўнае давалі плод? Ад гэтага дня Я дабраслаўлю».

20 І было слова ГОСПАДА другі раз да Агея ў дваццаць чацьвёрты дзень таго самага месяца, кажучы:

21 «Скажы Зэрубабэлю, ваяводзе Юды, кажучы: “Я ўзварухну неба і зямлю;

22 Я перавярну пасады валадарстваў, і выгублю моц валадарстваў паганаў, і перавярну калясьніцы і тых, якія едуць у іх, і паваляцца коні і вершнікі іхнія, кожны ад мяча брата свайго.

23 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вазьму цябе, Зэрубабэлю, сыне Шэалтыэля, слугу Майго, кажа ГОСПАД, і зраблю цябе, як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help