ІСАЯ 22 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 22

1 Цяжар адносна даліны Відзежу. Што з табой, што ты ўвесь выйшаў на дахі?

2 Поўны галасу горад шумлівы, горад вясёлы. Забітыя твае ня ўпалі ад мяча і не пагінулі на вайне.

3 Правадыры твае ўсе разам уцяклі, зьвязаныя без лукаў, усе, знойдзеныя ў цябе, разам зьвязаныя, хоць далёка яны паўцякалі.

4 Дзеля таго я сказаў: «Адвярніцеся ад мяне, я буду горка плакаць. Не спрабуйце суцешыць мяне, бо зьнішчаная дачка народу майго».

5 Бо гэта дзень замяшаньня, стаптаньня і бязладзьдзя, Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў у даліне Відзежу, руйнаваньня муроў і крыку на гарах.

6 Элям узяў сагайдак, на калясьніцах людзі і на конях, Кір выцягнуў шчыт.

7 І сталася, што найпрыгажэйшыя палі твае напоўніліся калясьніцамі, і вершнікі, стаючы, сталі насупраць брамы.

8 І ўзьнялі заслону з Юды; і ты паглядзеў у той дзень на зброю ў доме кедровым.

9 І вы ўбачылі шчыліны гораду Давіда, як іх шмат, і сабралі ваду ў ніжняй сажалцы;

10 і пералічылі дамы ў Ерусаліме, і разбурылі будынкі, каб умацаваць мур,

11 і зрабілі зборнік вады між двума мурамі для вады са старой сажалкі; і не глядзелі на Таго, Хто зрабіў усё гэта, і Таго, Хто гэтае здаўна ўкшталтаваў, ня бачылі.

12 І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, паклікаў вас у той дзень плакаць і галасіць, і абстрыгчы, і апрануцца ў зрэбніцу.

13 А вось, вясёласьць і радасьць, забіваюць валоў і рэжуць бараноў, ядуць мяса і п’юць віно: «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром».

14 І адкрыў у вушы мае ГОСПАД Магуцьцяў: «Ня будзе адпушчана вам беззаконьне гэтае аж пакуль не памраце, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».

15 Так сказаў Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага ўрадоўца, да Шэўны, які над домам,:

16 “Што ты тут, або хто ў цябе тут, што ты высек тут сабе магілу? Ты зрабіў высока магілу сабе і ў скале высьвідраваў пакой для сябе.

17 Вось, ГОСПАД кіне цябе, кідаючы моцна, і хапаючы, схопіць цябе,

18 і, скручваючы, скруціць цябе ў клубок, цябе рукою, як кулю, у зямлю прасторную. Там ты памрэш, і там калясьніцы славы тваёй, ты — ганьба для дому гаспадара твайго.

19 І Я выганю цябе з месца твайго, і скіну цябе з пасады тваёй.

20 І станецца ў той дзень, Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хількіі,

21 і апрану яго ў адзеньне тваё, і падперажу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і будзе ён бацькам для жыхароў Ерусаліму і для дому Юды.

22 І Я палажу ключ дому Давіда на рамёны ягоныя, і калі ён адчыніць, ніхто не замкне, а калі замкне, ніхто не адчыніць.

23 І Я ўваб’ю яго, як калок, у месцы вызначаным; і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.

24 І будзе вісець на ім уся слава дому бацькі ягонага, парасткі і атожылкі, усё начыньне дробнае ад талерак да ўсялякіх збаноў.

25 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, калок, убіты ў месцы вызначаным, пахісьнецца, і зломіцца, і ўпадзе, і ўвесь цяжар, які на ім вісеў, прападзе, бо ГОСПАД прамовіў”».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help