БЫЦЬЦЁ 12 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Бц 12

1 І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.

2 І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.

3 І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».

4 І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лот. Абрам меў семдзясят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.

5 І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.

6 І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі тады Хананейцы.

7 І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнiк ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.

8 Адтуль перайшоў ён на гару на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнiк ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.

9 І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.

10 І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.

11 І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,

12 і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, яны заб’юць мяне, а цябе пакінуць.

13 Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».

14 І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, убачылі Эгіпцяне, што вельмі прыгожая жанчына.

15 І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.

16 А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.

17 І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.

18 І паклікаў фараон Абрама, і сказаў: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?

19 Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»

20 І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі, і жонку ягоную, і ўсё, што ён меў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help