1 САМУЭЛЯ 19 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

1 Сам 19

1 І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх слугаў сваіх, каб забілі Давіда, але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.

2 І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе. Таму цяпер сьцеражыся раніцаю, і схавайся, і не паказвайся.

3 А я пайду і стану каля бацькі ў полі, дзе ты будзеш, і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і што ўбачу, раскажу табе».

4 І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму Саўлу пра Давіда, і сказаў яму: «Няхай не грашыць валадар адносна Давіда, слугі свайго, бо нічым ён не саграшыў перад табою, і ўчынкі ягоныя для цябе заўсёды добрыя.

5 Ён палажыў на далоні свае душу сваю, і забіў Філістынца, і ГОСПАД даў вялікую перамогу Ізраілю. Ты бачыў і радаваўся. Дык чаму ты грашыш супраць крыві нявіннай, хочучы забіць Давіда без прычыны?»

6 І выслухаў Саўл голас Ёнатана, і пакляўся Саўл: «Як жывы ГОСПАД, ня будзе ён забіты».

7 І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы. І прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў перад абдіччам ягоным як учора і пазаўчора.

8 І зноў пачалася вайна. І пайшоў Давід, і ваяваў суп­раць Філістынцаў, і зрабіў ім вялікую паразу, і яны ўцяклі перад ім.

9 І зыйшоў на Саўла ліхі дух, ГОСПАДАМ, і сядзеў ён у доме сваім, і дзіда ў руцэ ягонай, а Давід граў рукою сваёй на гусьлях.

10 І спрабаваў Саўл прыбіць Давіда да сьцяны, але Давід ухіліўся перад Саўлам, і дзідаўбілася ў сьцяну, а Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч.

11 І паслаў Саўл слугаў сваіх у дом да Давіда, каб пільнавалі яго і забілі раніцаю. І паведаміла пра гэта Давіду Міхаль, жонка ягоная, кажучы: «Калі не ўратуеш душу сваю ў гэтую ноч, заўтра будзеш мёртвы».

12 І спусьціла Міхаль Давіда праз вакно, і ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.

13 А Міхаль узяла балвана, і палажыла яго на ложак, а пад галаву ягоную падклала падушку з казінай і накрыла плашчом.

14 І паслаў Саўл пасланцоў, каб узялі Давіда, але яна сказала, што ён хворы.

15 І паслаў Саўл пасланцоў, каб адведалі Давіда, і сказаў: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».

16 І прыйшлі слугі, і вось, балван на ложку, і падушка з казінай на месцы галавы.

17 І сказаў Саўл Міхаль: «Навошта ты так падманула мяне і выпусьціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхаль адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусьці мяне, бо іначай заб’ю цябе”».

18 І Давід уцёк, і ўратаваўся, і пайшоў да Самуэля ў Раму, і паведаміў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.

19 І паведамілі Саўлу, кажучы: «Вось, Давід у Наёце каля Рамы».

20 І паслаў Саўл пасланцоў, каб схапілі Давіда. І яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, і зыйшоў на пасланцоў Саўла Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць.

21 І паведамілі Саўлу, і ён паслаў іншых пасланцоў, але яны таксама прарочылі. І зноў паслаў Саўл пасланцоў трэці раз, але яны таксама прарочылі.

22 І ён сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай студні, якая ў Сэку. І пытаўся ён, і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» І сказалі: «Яны ў Наёце каля Рамы».

23 І пайшоў ён у Наёт каля Рамы, і Дух Божы зыйшоў на яго таксама, і ён ішоў, і ўсцяж прарочыў, аж прыйшоў у Наёт каля Рамы.

24 І зьняў ён з сябе адзеньне сваё, і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч. Таму і гавораць: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help