ІСАЯ 58 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Іс 58

1 Крычы на горла, ня стрымлівайся! Як труба, узьнімі голас твой і абвяшчай народу Майму злачынствы іхнія, а дому Якуба — грахі іхнія.

2 Яны шукаюць Мяне з дня ў дзень і жадаюць ведаць шляхі Мае, быццам народ, які чыніць праведнасьць і не занядбоўвае суду Бога свайго. Пытаюцца Мяне пра суд праведны, наблізіцца да Бога жадаюць.

3 «Чаму мы посьцілі, а Ты ня бачыў? Мы мучылі душы нашыя, а Ты ня ведаеш?» Вось, у дзень посту вашага вы спаўняеце пажаданьні вашыя і ўсіх работнікаў сваіх вы прыгнятаеце.

4 Вось, вы посьціце, каб ва­дзіцца і сварыцца, і б’іцёся кулакамі нахабна. Ня трэба посьціць так, як у гэты дзень, каб быў выслуханы на вышынях голас ваш.

5 Ці ж гэта той пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю, гне галаву сваю, як трысьціна, і ў зрэбніцу апранаецца, і попелам пасыпае? Ці ж гэта ты называеш постам і днём, які ўпадабаў ГОСПАД?

6 Ці ж ня гэта пост, які Я выбраў: здымі кайданы бязбожнасьці, разьвяжы путы ярма, пусьці ўцісканых на свабоду і ўсякае ярмо скрышы.

7 Ці ж ня ў тым, каб падзяліцца хлебам сваім з галодным, убогіх і бяздомных увесьці ў дом? Калі ўбачыш голага, апрані яго, і перад крэўным сваім не хавайся.

8 Тады зазіхціць сьвятло тваё, як зараніца, і рана твая хутка загоіцца, і пойдзе перад абліччам тваім праведнасьць твая, а слава ГОСПАДА будзе ісьці за табой.

9 Тады будзеш клікаць, і ГОСПАД адкажа, будзеш крычаць, і Ён скажа: «Вось Я!» Калі ты прыбярэш спаміж сябе ярмо і ня будзеш пагражаць пальцам і гаварыць ліхое,

10 і калі адкрыеш душу сваю галоднаму і душу засмучаную насыціш, тады заясьнее сьвятло тваё ў цемры, і змрок твой як апоўдні.

11 І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.

12 І адбудуюць твае руіны адвечныя, ты адновіш падваліны многіх пакаленьняў, і назавуць цябе аднавіцелем выломаў, абнавіцелем шляхоў для засяленьня.

13 Калі ты дзеля суботы стрымаеш нагу тваю, каб не рабіць справаў тваіх у дзень Мой сьвяты, і назавеш суботу прыемным, сьвятым для ГОСПАДА і слаўным, і калі ўшануеш яе, каб не ісьці шляхамі сваімі, і ня будзеш шукаць, каб справу тваю і прамаўляць словы,

14 тады ты будзеш насалоджвацца ГОСПАДАМ, і Ён падыме цябе на вышыні зямныя, і будзе карміць цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго, бо вусны ГОСПАДА прамовілі гэта.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help