ДРУГАЗАКОНЬНЕ 33 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Друг 33

1 Гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраіля перад сьмерцю сваёй.

2 І ён сказаў: «ГОСПАД прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зыйшоў да іх; зьявіўся з гары Паран і прыйшоў з дзясяткамі тысячаў сьвятых, з правіцы Ягонай агонь палае.

3 Сапраўды Ён любіць народы. Усе сьвятыя Твае ў руцэ Тваёй, і яны туляцца да ног Тваіх, слухаюць словы Твае.

4 Закон даў нам Майсей, спадчыну збору Якуба.

5 І быў ў Ешуруна валадар на сходзе князёў народу разам з каленамі Ізраіля.

6 Няхай жыве Рубэн і няхай не памірае, і няхай будзе лік сьмяротных ягоных».

7 Гэта ён сказаў да Юды: «Выслухай, ГОСПАДЗЕ, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рукою Тваёю ваюй за яго і дапамажы яму супраць прыгнятальнікаў ягоных».

8 Да Левія сказаў: “Тумім Твой і урым Твой дай чалавеку сьвятому Твайму, якога Ты выпрабаваў у Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрывы.

9 Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: "Ня ведаю вас". І не пазнаў братоў сваіх, і сыноў сваіх ня ведае, бо яны захоўваюць загады Твае і запавет Твой пільнуюць.

10 Яны вучаць Якуба пастановам Тваім і Ізраіля Закону Твайму; і паляць кадзіла ў ноздры Твае, і цэласпаленьні — на ахвярніку Тваім.

11 Дабраславі, ГОСПАДЗЕ, моц ягоную і прымі працу рук ягоных. Стаўчы сьцёгны тых, якія паўстаюць на яго, і тыя, што зьненавідзелі яго, няхай не падымуцца».

12 Да Бэн’яміна сказаў: «Улюбёны ГОСПАДАМ бу­дзе жыць у бясьпецы пры Ім. Ён будзе засланяць яго ўсе дні, і супачыне ён у рамёнах Ягоных”.

13 Да Язэпа сказаў: “Дабраслаўлёная ГОСПАДАМ зямля ягоная дарамі неба, расою, крыніцамі бездані падземнай,

14 дарамі сонца і пладамі месяца,

15 багацьцем гор спрадвечных і пладамі ўзгоркаў адвечных,

16 пладамі зямлі і поўняй яе. Ласка Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, няхай зыйдзе на галаву Язэпа і на цемя пасьвячонага сярод братоў сваіх.

17 Прыгажосьць ягоная — як першароднага быка, і рогі ягоныя — як рогі аднарога, імі ён збадае народы аж да канца зямлі. Такія дзясяткі тысячаў Эфраіма, і такія тысячы Манасы».

18 І да Завулёна сказаў: “Радуйся, Завулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у намётах тваіх!

19 Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры праведнасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».

20 Да Гада сказаў: «Дабраслаўлёны той, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён жыць, ён разарве рамяно і цемя.

21 І ён убачыць пяршыны свае, бо там памешчана частка правадыра, і ён выходзіў на чале народу, і рабіў праведнае перад ГОСПАДАМ, і прысуды Ягоныя адносна Ізраіля».

22 Да Дана сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае з Башану».

23 Да Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены ласкаю і поўны дабраславенства ГОСПАДА; ён завалодае морам і поўднем».

24 Да Асэра сказаў: «Дабраслаўлёны Асэр між сынамі! Няхай ён будзе даспадобы братам сваім і няхай будзе мачыць у алеі нагу сваю.

25 З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, сіла твая».

26 «Няма такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе і ў велічнасьці Сваёй па воблаках.

27 Прыбежышча тваё — Бог спрадвечны, абарона твая — рамёны вечныя. Ён выганіць перад абліччам тваім ворага і скажа: “Зьнішчы”.

28 Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю збожжа і віна, і з нябёсаў ягоных кроплямі падае раса.

29 Шчасьлівы ты, Ізраіль! Хто да цябе, народ, якога збавіў ГОСПАД. Ён — шчыт абароны тваёй і меч велічнасьці тваёй. Ворагі твае скараюцца перад абліччам тваім, і ты будзеш таптаць каркі іхнія».

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help