ЯРЭМІЯ 30 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Яр 30

1 Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы:

2 «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Напішы ў кнізе ўсе словы, якія Я прамовіў да цябе.

3 Бо вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вярну з выгнаньня народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа ГОСПАД, і прывяду іх у зямлю, якую Я даў бацькам іхнім, і яны возьмуць яе на ўласнасьць».

4 А гэта словы, якія прамовіў ГОСПАД да Ізраіля і Юды:

5 «Гэта кажа ГОСПАД. Пачулі мы голас страху і трывогі, і няма супакою.

6 Спытайцеся, прашу, і паглядзіце, ці можа нараджаць мужчына? Чаму ж Я бачу ўсіх мужчынаў з рукамі на сьцёгнах іхніх, як у той, якая нараджае, і ўсе абліччы зьбялелі?

7 Гора, бо вялікі той дзень, няма падобнага яму! Будзе гэта час прыгнёту Якуба, але ён будзе збаўлены ад яго.

8 І будзе ў той дзень, кажа ГОСПАД, Я скрышу ярмо на шыі іхняй і путы іхнія парву, і ня будуць больш зьневаляць яго чужынцы.

9 І будуць яны служыць ГОСПАДУ, Богу свайму, і Давіду, валадару свайму, якога Я пастаўлю для іх.

10 А ты ня бойся, слуга Мой, Якуб, кажа ГОСПАД, і не палохайся, Ізраіль, бо вось, Я вызвалю цябе з далёкай і насеньне тваё — з зямлі палону іхняга. І вернецца Якуб, і адпачне, і будзе ў бясьпецы, і ніхто ня будзе трывожыць.

11 Бо Я з табою, кажа ГОСПАД, каб збавіць цябе. Бо Я зраблю канец усім народам, сярод якіх Я расьцярушыў цябе, але табе не зраблю канца, аднак пакараю цябе паводле суду і не пакіну цябе без пакараньня.

12 Бо гэта кажа ГОСПАД: “Невылечны пералом твой, незагойная рана твая,

13 няма таго, хто рупіцца пра справу тваю, няма лекаў для раны, каб вылячыць цябе.

14 Усе, што любілі цябе, забыліся пра цябе, і не шукаюць цябе, бо Я ўдарыў цябе ўдарам варожым, жудаснай карай за шматлікія беззаконьні твае, бо памножыліся грахі твае.

15 Чаго ты крычыш пра пералом твой? Невылечны боль твой. За шматлікія беззаконьні твае і што памножыліся грахі твае, Я зрабіў гэта табе.

16 Дзеля гэтага ўсе, што зьядаюць цябе, самі будуць зьедзеныя, і ўсе прыгнятальнікі твае пойдуць у няволю, і тыя, што нішчылі цябе, стануцца здабычай, і ўсіх, што рабавалі цябе, Я аддам на рабаваньне.

17 Бо Я вярну здароўе тваё і аздараўлю цябе ад ранаў тваіх, кажа ГОСПАД, бо “адкінутым”, “якога ніхто не шукае”, назвалі цябе, Сыёне.

18 Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я зноў вярну з няволі намёты Якуба і зьлітуюся над сялібамі ягонымі. І будзе адбудаваны горад на ўзгорку сваім, і палац будзе стаяць на месцы сваім.

19 І выйдзе з яго падзяка і голас тых, якія радуюцца, і Я памножу іх, і ня будуць зьмяншацца, і Я праслаўлю іх, і ня будуць пагарджаныя.

20 І будуць сыны ягоныя як даўней, і сход ягоны будзе моцны перад абліччам Маім, і Я наведаю ўсіх, якія ўціскаюць яго.

21 І будзе з яго Магутны ягоны, і Пан ягоны паўстане спасярод яго. І Я набліжу яго да Сябе, і ён наблізіцца да Мяне, бо хто ёсьць той, хто адважыцца ў сэрцы сваім наблізіцца да Мяне? — кажа ГОСПАД.

22 І вы будзеце для мяне народам, а Я буду для вас Богам.

23 Вось, віхура ад ГОСПАДА, гнеў прыходзіць, віхура страшэзная спадзе на галовы бязбожнікаў.

24 Ня спыніцца полымя гневу ГОСПАДА, пакуль Ён ня споўніць і ня зьдзейсьніць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help