2 ВАЛАДАРОЎ 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 18

1 І сталася ў трэцім годзе Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, Эзэкія, сын Ахаза, стаў валадаром Юды.

2 Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў валадаром, і валадарыў дваццаць дзевяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Абія, дачка Захарыі.

3 І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, паводле ўсяго, што рабіў Давід, бацька ягоны.

4 Ён зьнішчыў узгоркі, паламіў слупы, пасьсякаў Астартаў і скрышыў зьмея мядзянага, якога зрабіў Майсей, бо аж да гэтага часу сыны Ізраіля кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.

5 І ён спадзяваўся на ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і пасьля яго не было падобнага да яго між усіх валадароў Юды, і перад ім не было такога.

6 І ён прыляпіўся да ГОСПАДА, і не адступаўся ад Яго, і захоўваў прыказаньні Ягоныя, якія загадаў ГОСПАД Майсею.

7 І ГОСПАД быў з ім, і ў-ва ўсім, што рабіў, ён меў посьпех. І збунтаваўся ён супраць валадара Асірыі, і не служыў яму.

8 Ён пабіў Філістынцаў аж да Газы і яе ваколіцаў, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.

9 І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Эзэкіі, які быў сёмым годам Осіі, сына Элы, валадара Ізраіля, вырушыў Сальманэсэр, валадар Асірыі, супраць Самарыі і аблёг яе.

10 І здабыў ён яе праз тры гады. У шостым годзе Эзэкіі, які быў дзявятым годам Осіі, валадара Ізраіля, была здабытая Самарыя.

11 І валадар Асірыі перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, у Хаборы каля ракі Газан і ў гарадах Мідзянаў,

12 бо ня слухалі яны голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і парушалі запавет Ягоны, і ўсё, што загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, ня слухалі і не выконвалі.

13 У чатырнаццатым годзе валадара Эзэкіі прыйшоў Санхэрыў, валадар Асірыі, на ўсе ўмацаваныя гарады Юды і захапіў іх.

14 І паслаў Эзэкія, валадар Юды, да валадара Асірыі ў Ляхіш, кажучы: «Саграшыў я. Адыйдзі ад мяне. Што накладзеш на мяне, панясу». І валадар Асірыі наклаў на Эзэкію, валадара Юды, ў трыста талентаў срэбра і трыццаць талентаў золата.

15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знаходзілася ў Доме ГОСПАДА і ў скарбніцах дому валадара.

16 У той час Эзэкія зьняў з дзьвярэй Дому ГОСПАДА і з вушакоў, якія пазалаціў Осія, валадар Юды, і аддаў яго валадару Асірыі.

17 І паслаў валадар Асірыі з Ляхіша начальніка войска і галоўнага эўнуха, і Рабсака да валадара Эзэкіі ў Ерусалім з вялікім войскам. І яны пайшлі, і прыйшлі ў Ерусалім, і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля каналу верхняе сажалкі, якая на дарозе Поля Валюшніка.

18 І паклікалі яны валадара. І выйшлі да іх Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому, і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер.

19 І сказаў ім Рабсак: «Скажыце Эзэкіі: “Гэта кажа вялікі валадар, валадар Асірыі. Што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?

20 Ці ты думаеш, што словы заменяць раду і сілу да бою? На каго ты спадзяешся, што збунтаваўся супраць мяне?

21 Ці ты спадзяешся на Эгіпет, на гэты надламаны кій з трысьнёгу, які, калі хто абапрэцца на яго, уваходзіць у далонь і прабівае яе. Такі фараон, валадар Эгіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.

22 А можа скажаце мне: "На ГОСПАДА, Бога нашага, спадзяемся"? Дык ці ж Ён ня Той, Якога ўзгоркі і ахвярнікі панішчыў Эзэкія і сказаў Юдзе і Ерусаліму: "Толькі перад ахвярнікам у Ерусаліме будзеце пакланяцца ГОСПАДУ"?”

23 І цяпер пайдзі ў заклад з гаспадаром маім, валадаром Асірыі, і я дам табе дзьве тысячы коней, калі зможаш дастаць сабе вершнікаў для іх.

24 І якім чынам ты выганіш аднаго намесьніка з найменшых слугаў гаспадара майго? Ці ты спадзяешся на Эгіпет дзеля калясьніцаў і коньнікаў?

25 Ці не бяз ГОСПАДА прыйшоў я на гэтае месца, каб яго спустошыць? ГОСПАД сказаў мне: “Ідзі ў зямлю гэтую і спустош яе”».

26 І сказалі Эліякім, сын Хількіі, і Шэўна, і Ёах Рабсаку: «Гавары, калі ласка, да слугаў тваіх па-арамейску, бо мы разумеем мову гэтую, а не гавары да нас па-гебрайску, у вушы народу, які на мурах».

27 І адказаў ім Рабсак: «Ці ж да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой, каб я казаў словы гэтыя? Хіба не паслаў ён мяне да людзей, якія сядзяць на мурах і мусяць есьці лайно сваё і піць ваду ног сваіх з вамі?»

28 І стаў Рабсак, і закрычаў моцным голасам па-гебрайску, і прамовіў, і сказаў: «Слухайце словы валадара вялікага, валадара Асірыі.

29 Гэта кажа валадар. Няхай вас не падманвае Эзэкія, бо ня зможа ён выратаваць вас з рукі маёй!

30 І няхай не падманвае вас Эзэкія надзеяй на ГОСПАДА, кажучы: "Выратоўваючы, выратуе нас ГОСПАД і не ад­дасьць горад гэты ў рукі валадара Асірыі".

31 Ня слухайце Эзэкіі, бо гэта кажа валадар Асірыі: "Зрабіце дабраславенства са мною і выходзьце да мяне, і будзеце есьці з вінаградніку вашага і з дрэва фігавага вашага, і будзеце піць ваду з сажалак вашых,

32 пакуль я не прыйду і не перасялю вас у зямлю, падобную да зямлі вашай, у зямлю збожжа і віна, зямлю хлеба і вінаграду, зямлю аліўкаў і мёду. І вы будзеце там жыць і не памраце". Дык ня слухайце Эзэкіі, які вас падманвае, кажучы: "ГОСПАД выратуе нас!"

33 Ці выратавалі богі народаў, кожны зямлю сваю, ад рукі валадара Асірыі?

34 Дзе богі Хамату і Арпаду? Дзе богі Сэфарваіму, Гэны і Іввы? Ці выратавалі яны Самарыю з рукі маёй?

35 Хто з усіх багоў земляў гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Няўжо ГОСПАД выратуе з рукі маёй Ерусалім?»

36 А народ маўчаў і не адказваў яму ані слова, бо такі быў загад валадара, які казаў: «Не адказвайце».

37 І прыйшлі Эліякім, сын Хількіі, загадчык дому, і Шэўна пісар, і Ёах, сын Асафа, канцлер, да Эзэкіі ў разьдзёртых шатах, і паведамілі яму словы Рабсака.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help