2 ЛЕТАПІСАЎ 10 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 10

1 І пайшоў Рэхабаам у Сыхем, бо ў Сыхем зыйшоўся ўвесь Ізраіль, каб паставіць яго за валадара.

2 І сталася, што пачуў пра гэта Ерабаам, сын Навата, а ён быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.

3 І паслалі, і паклікалі яго; і прыйшоў Ерабаам і ўвесь Ізраіль, і прамовілі да Рэхабаама, кажучы:

4 «Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшымі цяжкія работы бацькі свайго і ярмо ягонае цяжкае, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».

5 І ён сказаў ім: «Яшчэ тры дні і зноў вернецеся да мяне». І адыйшоў народ.

6 І радзіўся валадар Рэхабаам са старшынямі, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, за жыцьця ягонага, кажучы: «Якім словам вы парадзіце адказаць народу гэтаму?»

7 І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі ты будзеш добры для народу гэтага, і будзеш зычлівым да іх, і прамовіш да іх словы добрыя, яны будуць для цябе слугамі ўсе дні».

8 Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны радзілі яму, і радзіўся ў юнакоў, якія расьлі разам з ім, стоячы перад абліччам ягоным,

9 і сказаў ім: «Што вы парадзіце, слова сказаць народу гэтаму, які прамовіў да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое налажыў на нас бацька твой”?»

10 І сказалі яму юнакі, якія расьлі разам з ім, кажучы: «Гэтак адкажы народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты дай палёгку нам”, гэтак адкажы ім: “Мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.

11 І цяпер, бацька мой налажыў на вас ярмо цяжкае, а я павялічу ярмо вашае; бацька мой караў вас пугамі, а я скарпіёнамі”».

12 І прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама на трэці дзень, як гаварыў валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне на трэці дзень».

13 І валадар адказаў ім сувора, і адкінуў валадар Рэхабаам раду старшыняў,

14 і прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я дадам да яго; бацька мой караў вас пугамі, а я скарпіёнамі».

15 І не паслухаў валадар народу, бо гэта было спрычынена Богам, каб ГОСПАД споўніў слова Сваё, якое прамовіў праз Ахію з Шыло да Ерабаама, сына Навата.

16 І ўвесь Ізраіль убачыў, што валадар яго ня слухае, і адказаў народ валадару, кажучы: «Якая нашая частка ў Давідзе? Няма нам спадчыны з сынам Есэя! Па намётах сваіх, Ізраіль! Цяпер глядзі на дом свой, Давідзе!» І разыйшоўся ўвесь Ізраіль у намёты свае.

17 І сыны Ізраіля жылі ў гарадах Юды, і валадарыў над імі Рэхабаам.

18 І паслаў валадар Рэхабаам Гадарама, які над данінаю, але сыны Ізраіля закідалі яго камянямі, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпяшаўся сесьці ў калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.

19 І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж па сёньняшні дзень.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help