НЭЭМІЯ 8 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Нээм 8

1 І сабраўся народ, як адзін чалавек, на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, і сказалі Эзры кніжніку, каб прынёс кнігу Закону Майсея, якую ГОСПАД загадаў Ізраілю.

2 І прынёс Эзра сьвятар Закон перад аблічча царквы, з мужчынаў і жанчынаў, і ўсіх, якія разумелі чытанае, у першы дзень сёмага месяца;

3 і чытаў з яго на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, ад сьвітанку аж да паўдня перад мужчынамі, жанчынамі і ўсімі, якія разумелі; і вушы ўсяго народу да кнігі Закону.

4 І стаяў кніжнік Эзра на ўзвышэньні драўляным, якое зрабілі дзеля гэтага; і стаялі каля яго: праваруч яго — Матытыя, Шэмая, Аная, Урыя, Хількія і Маасэя, а леваруч яго — Пэдая, Мішаэль, Малкія, Хашум, Хашбадана, Захарыя і Мэшулям.

5 І разгарнуў Эзра кнігу на вачах усяго народу, бо ён стаяў па-над усім народам; і калі ён разгарнуў яе, устаў увесь народ.

6 І дабраславіў Эзра ГОСПАДА, Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае; і пакланіліся, і схіліліся перад ГОСПАДАМ абліччамі да зямлі.

7 І Ешуа, Бані, Шэрэвія, Ямін, Аккуў, Шабэтай, Годыя, Маасэя, Кэліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Пэлая і лявіты тлумачылі народу Закон, а народ на месцы сваім.

8 І чыталі з кнігі Закону Божага, і выразна тлумачылі значэньне, і яны разумелі чытанае.

9 І Нээмія, ён жа Тыршата, і Эзра, сьвятар і кніжнік, і лявіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачце», бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.

10 І сказаў ім: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, якія не прыгатавалі сабе; бо дзень гэты пасьвячоны Госпаду, Богу вашаму. І не сумуйце, бо радасьць ГОСПАДА — гэта апора ваша».

11 І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо дзень гэты сьвяты, і не сумуйце».

12 І пайшоў увесь народ есьці і піць, і пасылаць часткі, і сьвяткаваць з радасьцю вялікай, бо зразумелі словы, якія паведамілі ім.

13 І на другі дзень сабраліся галовы бацькоў народу, сьвятары і лявіты да Эзры кніжніка, каб разважаць словы Закону.

14 І знайшлі напісанае ў Законе, які ГОСПАД загадаў праз рукі Майсея, каб жылі сыны Ізраіля ў буданах у сьвята, якое ў сёмым месяцы.

15 І таму абвясьцілі і паведамілі ў-ва ўсіх гарадах і ў Ерусаліме, кажучы: «Ідзіце ў горы і прынясіце галінкі аліўкавыя і галінкі сасновыя, і галінкі міртавыя, і галінкі пальмавыя, і галінкі дрэваў лісьцястых, і зрабіце буданы згодна з тым, што напісана».

16 І пайшоў народ, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кожны на даху сваім, і на панадворках сваіх, і на панадворках Дому Божага, і на плошчы Брамы Воднай, і на плошчы Брамы Эфраіма.

17 І зрабіла буданы ўся царква тых, якія вярнуліся з палону, і жылі ў буданах. Бо не рабілі так сыны Ізраіля ад дзён Егошуа, сына Нуна, аж да дня гэтага. І была радасьць вельмі вялікая.

18 І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а ў восьмы дзень ўрачысты сход паводле пастановы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help