2 ЛЕТАПІСАЎ 9 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 9

1 І валадарка Шэвы пачула пра славу Салямона, і прыйшла ў Ерусалім, каб выспрабаваць Салямона загадкамі, з вельмі вялікім багацьцем і з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы і мноства золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і размаўляла з ім пра ўсё, што было ў яе ў сэрцы.

2 І растлумачыў Салямон ёй усе пытаньні ейныя, і не было нічога невядомага Салямону, што ён не патлумачыў ёй.

3 І ўбачыла валадарка Шэвы мудрасьць Салямона і дом, які ён пабудаваў,

4 і ежу на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньні іхнія; таксама чашнікаў ягоных і адзеньне іхняе, і сходы, па якіх ён узыходзіў у Дом ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні.

5 І сказала яна валадару: «Праўдзівае тое слова, якое я чула ў зямлі маёй пра справы твае і пра мудрасьць тваю.

6 І я ня верыла словам пра іх, пакуль не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі. І вось, не распавялі мне нават паловы пра мноства мудрасьці тваёй. Ты пераўзыходзіш тыя весткі, якія я чула.

7 Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад абліччам тваім і слухаюць мудрасьць тваю!

8 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які меў ласку для цябе, каб даць табе пасад Свой як валадару ў ГОС­ПАДА, Бога твайго, паводле любові Бога твайго да Ізраіля, каб умацаваць яго на вякі, і Ён паставіў цябе як валадара над ім, каб чыніць суд і праведнасьць».

9 І яна падаравала валадару сто дваццаць талентаў золата і вялікае мноства пахошчаў і камянёў каштоўных; і не было такіх пахошчаў, як тыя, што падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.

10 І таксама слугі Хурама і слугі Салямона, якія прывозілі золата з Афіру, прывезьлі дрэва сандалавае і камяні каштоўныя.

11 І зрабіў валадар з дрэва сандалавага сходы ў Доме ГОСПАДА і ў доме валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ня бачна было падобнага да іх уперад у зямлі Юды.

12 І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна зажадала і што прасіла, апрача таго, што яна прывезла валадару. І яна выправілася, і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.

13 А вагі золата, якое прыходзіла да Салямона за адзін год, было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата,

14 акрамя таго, што прыносілі падарожнікі і купцы. І ўсе валадары Арабскія, і намесьнікі Краю прыносілі золата і срэбра Салямону.

15 І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з кутага золата, шэсьцьсот золата ішло на адзін шчыт,

16 і трыста шчытоў малых з кутага золата, трыста золата ішло на адзін шчыт; і паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.

17 І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам,

18 і шэсьць прыступак да пасаду, і падножжа з золата, прымацаванае да пасаду, і парэнчы паабапал месца сядзеньня, і два ільвы, якія стаяць каля парэнчаў.

19 І дванаццаць ільвоў стаяла там на шасьці прыступках з аднаго і другога боку. Не было такога зроблена ў-ва ўсіх валадарствах.

20 І ўсе начыньні да піцьця ў валадара Салямона з золата, і ўсе начыньні ў доме з лесу Лібанскага з золата шчырага; нічога са срэбра. Яго ў дні Салямона мелі за нішто,

21 бо караблі валадара хадзілі ў Таршыш са слугамі Хурама, і раз на тры гады прыходзілі караблі з Таршышу, і прывозілі золата і срэбра, косьць слановую і малпаў, і паваў.

22 І перавышаў валадар Салямон усіх валадароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.

23 І ўсе валадары зямлі шукалі аблічча Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую ўлажыў Бог у сэрца ягонае.

24 І прыносілі яны кожны дар свой, начыньні срэбныя, і начыньні залатыя, і адзеньне, і зброю, і пахошчы, і коней, і мулаў, рэч з году ў год.

25 І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней і калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў, і памясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.

26 І панаваў ён над усімі валадарамі ад ракі аж да зямлі Філістынскай і аж да межаў Эгіпту.

27 І зрабіў валадар срэбра ў Ерусаліме як камяні, і кедры зрабіў як сікаморы, якіх мноства ў Шэфэлі.

28 І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з усіх земляў.

29 А рэшта дзеяньняў Салямона, першых і апошніх, вось, яны запісаныя ў дзеях Натана прарока, і ў прароцтве Ахіі з Шыло, і ў відзежах Іддо відушчага пра Ерабаама, сына Навата.

30 І валадарыў Салямон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў.

31 І супачыў ён з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І валадарыў Рэхабаам, сын ягоны, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help