ПРЫПОВЕСЬЦІ 18 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Разьдзел 18

1 Свавольны шукае жаданьня і кожнай цьвярозай думцы працівіцца.

2 Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць розум свой.

3 Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба.

4 Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай.

5 Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе.

6 Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку.

7 Вусны дурня — загуба ягоная, а мова ягоная — пастка для душы яго.

8 Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.

9 Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля.

10 Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы.

11 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры высокія.

12 Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджае славу.

13 Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму.

14 Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць.

15 Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня.

16 Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго.

17 Першы ў спрэчцы сваёй справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго.

18 Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі.

19 Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як завалы ў замку.

20 З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца.

21 Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя.

22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА.

23 Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба.

24 Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help