2 ВАЛАДАРОЎ 13 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Вал 13

1 У дваццаць трэцім годзе Ёаша, сына Ахазіі, валадара Юды, Егаахаз, сын Егу, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на сямнаццаць гадоў.

2 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў у грахах Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і не адварочваўся ад іх.

3 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА супраць Ізраіля, і аддаў іх ГОСПАД у рукі Хазаэля, валадара Сірыі, і ў рукі Бэн-Гадада, сына Хазаэля, у-ва ўсе дні тыя.

4 І маліўся Егаахаз перад абліччам ГОСПАДА, і выслухаў яго ГОСПАД, бо Ён бачыў уціск Ізраіля, як прыціснуў іх валадар Сірыі.

5 І даў ГОСПАД Ізраілю збаўцу, і быў ён вызвалены з рукі Сірыі. І жылі сыны Ізраіля ў намётах сваіх, як учора і пазаўчора.

6 Аднак не адвярнуліся яны ад грахоў дому Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзілі ў іх, і нават Астарта стаяла ў Самарыі.

7 І засталося ў Егаахаза з войска толькі пяцьдзясят коньнікаў, дзесяць калясьніцаў і дзесяць тысячаў пяхотнікаў, бо выбіў іх валадар Сірыі і зрабіў іх як пыл на патаптаньне.

8 А іншыя дзеяньні Егаахаза і ўсё, што ён зрабіў, і муж­насьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

9 І супачыў Егаахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І стаў валадаром Егааш, сын ягоны, пасьля яго.

10 У трыццаць сёмым годзе Ёаша, валадара Юды, Егааш, сын Егаахаза, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на шаснаццаць гадоў.

11 І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і не адступіў ад усіх грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і хадзіў у іх.

12 А іншыя дзеяньні Егааша і ўсё, што ён зрабіў, і муж­насьць ягоная, калі ён ваяваў супраць Амазіі, валадара Юды, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.

13 І супачыў Егааш з бацькамі сваімі, і Ерабаам сеў на пасадзе ягоным. І быў пахаваны Егааш у Самарыі з валадарамі Ізраіля.

14 А Элісэй захварэў немаччу, ад якой потым памёр. І прыйшоў да яго Егааш, валадар Ізраіля, і плакаў перад абліччам ягоным, і казаў: «Ойча мой, ойча мой! Калясьніца Ізраіля і коньнікі ягоныя!»

15 І сказаў яму Элісэй: «Вазьмі лук і стрэлы!» І ён прынёс яму лук і стрэлы.

16 І сказаў ён валадару Ізраіля: «Палажы руку сваю на лук!» І валадар палажыў руку сваю, а Элісэй палажыў рукі свае на рукі валадара

17 і сказаў: «Адчыні вакно на ўсход». І ён адчыніў, і сказаў Элісэй: «Страляй!» І ён стрэліў, а сказаў: «Страла перамогі ГОСПАДА і страла перамогі над Сірыяй. Ты паб’еш Сірыю ў Афэку дашчэнту».

18 І сказаў: «Вазьмі стрэлы!» І узяў іх, а сказаў яму: «Удар па зямлі!» І ён ударыў тры разы, і спыніўся.

19 І загневаўся чалавек Божы на яго, і сказаў: «Трэба было ўдарыць пяць або шэсьць разоў. Тады ты перамог бы Сірыю цалкам, а цяпер пераможаш Сірыю толькі тры разы!»

20 І памёр Элісэй, і пахавалі яго. А дружыны Мааву нападалі на зямлю, прыходзячы штогод.

21 І сталася, калі хавалі аднаго чалавека, вось, убачылі дружыну, і кінулі чалавека таго ў магілу Элісэя, і ўцяклі. І калі чалавек той дакрануўся да костак Элісэя, ён аджыў і стаў на ногі свае.

22 А Хазаэль, валадар Сірыі, уціскаў Ізраіля ў-ва ўсе дні Егаахаза.

23 І зьлітаваўся ГОСПАД над імі, і зьявіў літасьць, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісаакам і Якубам, і не хацеў выгубіць іх, і не адкінуў іх ад аблічча Свайго назаўсёды.

24 І памёр Хазаэль, валадар Сірыі, а замест яго стаў валадаром Бэн-Гадад, сын ягоны.

25 І павярнуўся Егааш, сын Егаахаза, і ўзяў з рук Бэн-Гадада, сына Хазаэля, гарады, якія той быў забраў з рук Егаахаза, бацькі ягонага, вайною. Тройчы пабіў яго Егааш і вярнуў гарады Ізраіля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help