ЭЗЭКІЭЛЬ 44 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Эзк 44

1 І завярнуў мяне на шлях зьнешняй брамы сьвятога, скіраванай на ўсход, і яна была замкнёная.

2 І сказаў мне ГОСПАД: «Брама гэтая будзе замкнёная, і ня будзе адчыняцца, і ніводзін чалавек ня ўвойдзе праз яе, бо ГОСПАД, Бог Ізраіля, увайшоў праз яе, і яна будзе замкнёная.

3 Князь, князь будзе сядзець у ёй, каб спажываць хлеб перад абліччам ГОСПАДА. Шляхам праз прысенкі пры браме ўвойдзе і тым самым шляхам выйдзе».

4 І завёў мяне шляхам брамы паўночнай перад аблічча Дому, і я ўбачыў, і вось, слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА, і я ўпаў на аблічча маё.

5 І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, зьвярні сэрца тваё, і пабач вачыма тваімі, і паслухай вушамі тваімі ўсё, што Я скажу табе адносна ўсіх пастановаў Дому ГОСПАДА і адносна ўсіх законаў ягоных, і зьвярні сэрца тваё на ўсе ўваходы ў Дом гэты і на ўсе выхады з сьвятога.

6 І скажаш да бунтаўнікоў, да дому Ізраіля: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Хопіць ужо ўсіх брыдотаў вашых, дом Ізраіля.

7 Вы ўвялі чужынцаў, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных целам, каб яны былі ў сьвятыні Маёй, і паганілі Дом Мой, калі складалі ў ахвяру хлеб Мой, тлушч і кроў; і парушылі запавет Мой брыдотамі сваімі,

8 і не пільнавалі служэньня сьвятога Майго, і паставілі іх пільнаваць варту Маю ў сьвятыні Маёй.

9 Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ніводзін чужынец, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны целам, ня ўвойдзе ў сьвятыню Маю, ніводзін чужынец, які сярод сыноў Ізраіля.

10 А тыя лявіты, якія аддаліліся ад Мяне, калі блукаў Ізраіль, калі адступіў ад Мяне, за ідаламі сваімі, яны панясуць беззаконьне сваё.

11 І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.

12 За тое, што яны служылі ім перад абліччам ідалаў іхніх і сталіся для дому Ізраіля прычынай беззаконьня, Я ўзьняў руку Маю супраць іх, кажа Госпад ГОСПАД, і яны панясуць беззаконьні свае.

13 І яны не наблізяцца да Мяне, каб быць сьвятарамі для Мяне і каб набліжацца да ўсіх сьвятасьцяў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, і будуць насіць ганьбу сваю і брыдоты свае, якія ўчынілі.

14 І Я прызначу іх вартаўнікамі на варце Дому гэтага, да ўсякіх працаў і да ўсяго, што трэба будзе зрабіць у ім.

15 Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД.

16 Яны будуць уваходзіць у сьвятыню Маю, і яны будуць набліжацца да стала Майго, каб служыць Мне і вартаваць варту Маю.

17 І станецца, калі яны будуць уваходзіць у брамы ўнутранага панадворку, яны апрануць шаты ільняныя; няхай не апранаюць на сябе воўну, калі вартуюць пры брамах унутранага панадворку і ў Доме гэтым.

18 Турбаны ільняныя будуць на галовах іхніх і порткі ільняныя будуць на сьцёгнах іхніх. Ня будуць яны падпярэзвацца, каб не пацець.

19 А калі будуць выходзіць на вонкавы панадворак, на панадворак вонкавы да народу, яны здымуць шаты свае, у якіх яны служылі, і пакладуць у пакоях сьвятых, і апрануць іншыя шаты, каб не асьвячаць народ, шатамі сваімі.

20 І галавы сваёй яны ня будуць галіць, і ня будуць запускаць валасоў, але, стрыгучы, будуць стрыгчы галовы свае.

21 І ня будзе піць віна кожны сьвятар, калі будуць уваходзіць на ўнутраны панадворак.

22 І ўдавы або пакінутай ня возьмуць яны за жонку, але толькі дзяўчыну з насеньня дому Ізраіля ці ўдаву, якая стала ўдавой па мужу сьвятару.

23 І яны будуць навучаць народ Мой паміж тым, што сьвятое, і тым, што звычайнае, і будуць вучыць паміж тым, што нячыстае, і тым, што чыстае.

24 У справах спрэчных яны стануць, каб судзіць у судзе і судом Маім, судзячы, судзіць іх. І будуць захоўваць закон Мой і пастановы Мае ў-ва ўсіх урачыстасьцях Маіх, і суботы Мае будуць сьвяціць.

25 І да мёртвага чалавека не падыйдуць, каб не занячысьціцца, толькі дзеля бацькі, маці, сына, дачкі, брата і сястры, якая ня мела мужа, могуць яны занячысьціцца.

26 А пасьля ачышчэньня свайго адлічаць яму яшчэ сем дзён.

27 І ў дзень, калі ён увойдзе ў сьвятыню, на ўнутраны панадворак, каб служыць у сьвятыні, ён ахвяруе за грэх свой, кажа Госпад ГОСПАД.

28 І будзе ім за спадчыну. Я — спадчына іхняя. І не дасьцё ім уласнасьці ў Ізраілі, бо Я — уласнасьць іхняя.

29 Ахвяры хлебныя, ахвяры за грэх і ахвяры аднагараджэньня будуць яны спажываць, і ўсё, што пад закляцьцем у Ізраілі, будзе іхнім.

30 І найлепшае з усіх пяршынаў, і кожны дар, усё спаміж дароў вашых будзе для сьвятароў. І найлепшае цеста вашае дайце сьвятарам, каб дабраславенства супачывала на доме вашым.

31 Аніякай падліны і таго, што разьдзёртае, ці з птушак, ці з быдла, ня будуць есьці сьвятары.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help