ВЫХАД 32 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Вых 32

1 I бачыў народ, што Майсей затрымліваецца, каб зыйсьці з гары, і сабраўся народ перад Ааронам, і сказалі яму: «Устань, зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, гэтым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім».

2 I сказаў ім Аарон: «Зьніміце завушніцы залатыя, якія ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дочак вашых, і прынясіце да мяне».

3 I зьняў увесь народ завушніцы залатыя, якія ў вушах іхніх, і прынесьлі да Аарона.

4 І ён узяў з рук іхніх, і ўфармаваў яго разцом, і зрабіў з яго цяля літое. I сказалі яны: «Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».

5 I ўбачыў Аарон, і збудаваў перад ім ахвярнік, і ўсклікнуў Аарон, і сказаў: «Сьвята для ГОСПАДА заўтра».

6 I яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць.

7 I прамовіў ГОСПАД да Майсея: «Ідзі, зыйдзі, бо сапсаваўся народ твой, які ты вывеў з зямлі Эгіпецкай.

8 Хутка зьвярнулі яны са шляху, які Я загадаў ім, зрабілі сабе цяля літое, і пакланіліся яму, і ахвяроўвалі яму, і сказалі: “Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай”».

9 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Я бачыў народ гэты, і вось, ён — народ з цьвёрдым каркам.

10 I цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і Я выгублю іх, і зраблю з цябе народ вялікі».

11 I маліў Майсей аблічча ГОСПАДА, Бога свайго, і сказаў: «Дзеля чаго, ГОСПАДЗЕ, палае гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў з зямлі Эгіпецкай сілаю вялікай і рукою моцнай?

12 Навошта маюць казаць Эгіпцяне, кажучы: “На ліха вывеў іх, каб забіць іх у гарах і вынішчыць іх з аблічча зямлі”. Адвярніся ад ярасьці гневу Твайго і пашкадуй ліха народу Твайму.

13 Узгадай Абрагама, Ісаака і Ізраіля, слугаў Тваіх, якім Ты прысягаў на Сябе Самога, і прамовіў да іх: “Памножу насеньне вашае, як зоркі ў небе, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам насенню вашаму, і яны ўспадкаемяць яе на вякі”».

14 I пашкадаваў ГОСПАД рабіць ліха, пра якое Ён казаў, што ўчыніць яго народу Свайму.

15 I павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх.

16 I табліцы былі творам Бога, і пісьмо было пісьмом Божым, высечаным на табліцах.

17 I пачуў Егошуа голас народу, які ўсклікаў, і сказаў Майсею: «Голас вайны ў табары».

18 I сказаў: «Гэта ані голас крыку перамогі, ані голас крыку паразы, але я чую голас пяяньня».

19 I сталася, калі ён наблізіўся да табару і ўбачыў цяля і танцы, узгарэўся гнеў Майсея, і ён кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою.

20 I ўзяў ён цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на попел, і рассыпаў на абліччы вады, і даў яго піць сынам Ізраіля.

21 I сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?»

22 I сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў пана майго; ты ведаеш народ гэты, што ён поўны ліха.

23 I яны сказалі мне: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці перад намі, бо з гэтым Майсеем, чалавекам, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”.

24 I я сказаў ім: “Хто мае золата, няхай здыме яго”. I яны далі мне, я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэта цяля».

25 I ўбачыў Майсей народ, што ён неакелзаны, бо Аарон раскелзаў яго на паганьбеньне перад ворагамі ягонымі.

26 I стаў Майсей у браме табару, і сказаў: «Хто за ГОСПАДА — да мяне!» I сабраліся да яго ўсе сыны Левія.

27 I ён сказаў ім: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Падперажыце кожны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце і зьвярніцеся ад брамы да брамы праз табар, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны бліжняга свайго”».

28 I зрабілі сыны Левія паводле слова Майсея, і палегла з народу ў той дзень каля трох тысячаў чалавек.

29 I сказаў Майсей: «Напоўніце рукі свае сёньня для ГОСПАДА, бо кожны быў супраць сына свайго і супраць брата свайго, каб Ён даў вам сёньня дабраслаўленьне».

30 I сталася назаўтра, і сказаў Майсей народу: «Вы саграшылі грахом вялікім, і цяпер я ўзыйду да ГОСПАДА, можа, змагу перамаліць Яго за грэх ваш».

31 I вярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Прашу, саграшыў народ гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе багоў залатых.

32 I цяпер, ці можаш дараваць ім грэх іхні? А калі не, вытры мяне, прашу, з кнігі Тваёй, якую Ты напісаў».

33 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Таго, хто саграшыў перада Мною, Я вытру з кнігі Маёй.

34 I цяпер ідзі, вядзі народ гэты, куды Я казаў табе. Вось, анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грэх іхні».

35 I ўдарыў ГОСПАД народ за тое, што зрабілі цяля, якога зрабіў Аарон.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help