ДАНІІЛ 11 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Дан 11

1 І я ў першым годзе Дарыя Мідзяніна стаяў, каб умацаваць і падтрымаць яго.

2 І цяпер я распавяду табе праўду. Вось, паўстануць яшчэ тры валадары ў Пэрсіі, і чацьвёрты ўзбагаціцца багацьцем сваім больш за ўсіх, і калі ён умацуецца ў багацьці сваім, ён узьніме ўсіх супраць валадарства Явану.

3 І валадар магутны паўстане, які будзе панаваць панаваньнем вялікім і будзе рабіць тое, што даспадобы яму.

4 Але калі ён паўстане, валадарства ягонае будзе зломлена і будзе падзеленае на чатыры вятры нябесныя, і не паміж нашчадкамі ягонымі, і ня бу­дзе тое панаваньне, якім ён панаваў, бо будзе вырвана валадарства ягонае і іншым, а ня ім.

5 І ўмацуецца валадар з поўдня, але з князёў ягоных будзе мацнейшым за яго і запануе, і панаваньне тое будзе большым за панаваньне ягонае.

6 Але пасьля заканчэньня гадоў яны злучацца, і дачка валадара з поўдня прыйдзе да валадара з поўначы, каб зрабіць паводле справядлівасьці; але яна не захавае сілы рамёнаў, і не ўстаіць рамяно ейнае, і будзе выдадзена яна, і тыя, якія прывялі яе, і той, якога яна нарадзіла, і той, які ўмацоўваў яе ў тыя часы.

7 І паўстане парастак з кораня ейнага на месца сваё, і выйдзе супраць войска, і ўвойдзе ў цьвярдыню валадара з поўначы, і будзе дзейнічаць супраць яго, і ўмацуецца.

8 І таксама багоў іхніх з літымі выявамі іхнімі, з начыньнем іхнім каштоўным, срэбным і залатым, завязе ў палон у Эгіпет; і ён гадоў будзе стаяць, чым валадар з поўначы.

9 Хоць той прыйдзе ў валадарства валадара з поўдня, але вернецца ў зямлю сваю.

10 Але сыны ягоныя ўзброяцца і зьбяруць мноства войска вялікага, і, ідучы, пойдзе, і залье, і пройдзе, і вернецца, і будзе змагацца супраць цьвярдыні ягонай.

11 І раззлуецца валадар з поўдня, і вырушыць, і будзе ваяваць з ім, з валадаром з поўначы, і выставіць мноства вялікае, але мноства гэтае будзе аддадзена ў руку ягоную.

12 І будзе зьнішчана гэтае мноства, і ўзьнімецца сэрца ягонае, і хоць ён кіне дзясяткі тысячаў, ён не ўмацуецца.

13 І вернецца валадар з поўначы, і выставіць мноства, большае за ранейшае, і ў канцы часоў і гадоў, ідучы, прыйдзе з войскам вялікім і з маёмасьцю шматлікай.

14 І ў тыя часы шмат паўстане супраць валадара з поўдня, і сыны гвалту ў народзе тваім падымуцца, каб споўніўся відзеж, і яны спатыкнуцца.

15 І прыйдзе валадар з поўначы, і насыпле вал, і здабудзе горад умацаваны, і рамёны поўдня не ўстаяць, народ выборны ягоны і ён ня будуць мець сілы, каб устаяць.

16 І той, які прыйдзе супраць яго, будзе рабіць паводле ўпадабаньня свайго, і ня будзе таго, хто супрацівіцца яму; і ён стане ў зямлі прыгожай, і загуба ў руцэ ягонай.

17 І ён зьверне аблічча сваё, каб прыйсьці з моцаю ўсяго валадарства свайго, і зробіць з ім угоду; і дасьць яму дачку жанчынаў, каб зьнішчыць яго, але ня станецца і яна ня бу­дзе з ім.

18 І, зьвяртаючы, ён зьверне аблічча сваё да астравоў, і здабудзе; але правадыр спы­ніць ганьбу,, і зьверне ганьбу ягоную на яго самога.

19 І ён зьверне аблічча сваё да цьвярдыняў зямлі сваёй, і спатыкнецца, і ўпадзе, і ня знойдуць.

20 І паўстане на месца ягонае той, які пашле прыгнятальніка ў славе валадарства, але праз некалькі дзён будзе зломлены, і не ад гневу, і ня ў бітве.

21 І паўстане на месца ягонае пагарджаны, і не дадуць яму годнасьці валадарскай; але ён прыйдзе ціха і ўмацуе валадарства подступам.

22 І рамёны, як паводкаю, будуць залітыя перад абліччам ягоным і будуць зломленыя, і таксама начальнік, запавет.

23 Бо, злучыўшыся з ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ён узыйдзе, і ўмацуецца з малога народу.

24 У супакою ён прыйдзе ва ўрадлівыя месцы краю і зробіць тое, чаго не рабілі бацькі ягоныя і бацькі бацькоў ягоных. Нарабаванае, здабычу і маёмасьць прынясе сваім, і пра цьвярдыняў задумае думкі свае, але да часу.

25 І ён узбудзіць сілу сваю і сэрца сваё на валадара з поўдня з войскам вялікім, і валадар з поўдня ўзброіць на бітву войска вялікае і вельмі магутнае, але не ўстаіць, бо задумаюць супраць яго думкі.

26 І тыя, якія ядуць ежу ягоную, зломяць яго, і войска ягонае разальецца, і ўпадзе шмат забітых.

27 І сэрцы абодвух гэтых валадароў будуць рабіць ліха, і яны будуць гаварыць хлусьню за адным сталом, і ня будуць мець посьпеху, бо яшчэ не канец вызначанаму часу.

28 І вернецца ён у зямлю сваю з багацьцем вялікім, а сэрца ягонае супраць запавету сьвятога, і ён зробіць, і вернецца ў зямлю сваю.

29 У вызначаным часе ён вернецца і пойдзе на поўдзень; і ня будзе так, як раней і як пазьней.

30 І прыйдуць супраць яго караблі Кіттыму, і ён спалохаецца, і вернецца, і загневаецца на запавет сьвяты; і зробіць, і вернецца, і бу­дзе мець паразуменьне з тымі, якія пакінулі запавет сьвяты.

31 І паўстануць рамёны ягоныя, і апаганяць сьвятыню, цьвярдыню гэтую, і спыняць заўсёдныя ахвяры, і паставяць агіду спусташэньня.

32 А тых, якія нягодна ставяцца да запавету, ён разбэсьціць лісьлівасьцю, але народ, які ведае Бога свайго, умацуецца і будзе дзейнічаць.

33 І разумныя з народу дадуць разуменьне шматлікім, і будуць спатыкацца ад мяча і ад полымя, ад палону і ад рабаваньня дзён.

34 І, калі яны спатыкнуцца, яны атрымаюць малую дапамогу. І далучыцца да іх шмат хто няшчыра.

35 І з тых разумных спатыкнуцца, каб выпрабаваць іх і ачысьціць, і выбяліць аж да часу канца, бо яшчэ ня час, які вызначаны.

36 І будзе валадар рабіць, і вывышацца, і ўзьвялічвацца па-над кожным богам паводле ўпадабаньня свайго. І супраць Бога багоў будзе гаварыць нечуваныя рэчы, і будзе мець посьпех, пакуль ня зьдзейсьніцца абурэньне, бо тое, што вызначана, станецца.

37 І на багоў бацькоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на каштоўнасьці жанчынаў, і на ўсіх багоў ён ня будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца па-над усімі.

38 Але бога цьвярдыняў на месцы ягоным ён будзе ўшаноўваць, і бога, якога ня ведалі бацькі ягоныя, ён будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і каштоўнымі, і рэчамі найкаштоўнейшымі.

39 І ён учыніць з умацаванымі цьвярдынямі з бога чужога. Тым, якія прызнаюць яго, ён памножыць славу, і дасьць панаваньне над шматлікімі, і падзеліць грунты як плату.

40 Але ў часе канца ўдарыць яго валадар з поўдня, і кінецца на яго валадар з поўначы з калясьніцамі і вершнікамі, і з караблямі шматлікімі, і ўвойдзе ў зямлю, і залье, і пяройдзе.

41 І прыйдзе ён у зямлю прыгожую, і шмат хто спатыкнецца; але ўцякуць ад рукі ягонай Эдом, і Мааў, і галоўныя з сыноў Амона.

42 І ён выцягне руку сваю на зямлю, і зямля Эгіпецкая не ўцячэ.

43 І ён будзе панаваць над скарбамі залатымі і срэбнымі і над усімі каштоўнасьцямі Эгіпту; і Лібійцы, і Кушане пойдуць за ім.

44 Але весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго, і ён пойдзе ў гневе вялікім, каб зьнішчыць і аддаць закляцьцю шмат каго.

45 І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help