ЛЯВІТ 4 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Ляв 4

1 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2 «Гавары сынам Ізраіля: “Калі хто праз няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў ГОСПАДА, якія забараняюць нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,

3 дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, тады складзе ён у ахвяру ГОСПАДУ як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.

4 І прывядзе бычка да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА, і пало­жыць руку на галаву яго, і заб’е яго перад абліччам ГОСПАДА.

5 І памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка, і ўнясе ў Намёт Спатканьня.

6 І памочыць сьвятар палец у крыві, і пакропіць крывёй сем разоў перад абліччам ГОСПАДА, перад заслонай Месца Сьвятога.

7 І памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які перад уваходам у Намёт Спатканьня.

8 І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, які пакрывае нутро, і ўсю тлустасьць, якая на нутры,

9 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, які дастае да сьцёгнаў, а таксама тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго,

10 такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры мірнай. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэласпаленьня.

11 А скуру цяляці, усё мяса ягонае, галаву ягоную, ногі ягоныя, і нутро ягонае, і нячыстасьць ягоную,

12 усяго бычка няхай выня­суць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там няхай будзе спалены агнём на дровах.

13 Калі ўся грамада Ізраіля саграшыць праз няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма царквы, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў ГОСПАДА,

14 а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык няхай царква прывядзе да ўваходу ў Намёт Спатканьня бычка ў ахвяру за грэх.

15 І старшыні грамады ўскладуць рукі на галаву бычка перад абліччам ГОСПАДА, і той бычок будзе забіты перад абліччам ГОСПАДА.

16 І памазаны сьвятар унясе ў Намёт Спатканьня частку крыві цяляці,

17 і памочыць палец у крыві, і пакропіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА перад заслонай.

18 І памажа тою крывёю рагі ахвярніку, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.

19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку.

20 І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць з ім. Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.

21 І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх царквы.

22 Калі саграшыць князь і праз няўвагу дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, Бога ягонага, і гэтак правініцца,

23 калі будзе даведзены грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру ГОСПАДУ казла без заганы.

24 І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную, і заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэласпаленьня перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра за грэх.

25 І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня.

26 А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры мірнай. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана.

27 Калі хто спаміж народу зямлі праз няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, і гэтак правініцца,

28 калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.

29 Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, і заб’е яе на месцы ахвяры цэласпаленьня.

30 Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.

31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры мірнай. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.

32 А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, няхай прывядзе авечку без заганы,

33 узложыць руку на галаву ейную і заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэласпаленьня.

34 І возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніку цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка.

35 А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help