ПЛАЧ 2 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Плач 2

1 Як закрыў Госпад хмарай гневу Свайго дачку Сыёну, скінуў з неба на зямлю славу Ізраіля і не ўзгадаў у дзень гневу Свайго пра падножжа пад ногі Свае.

2 Праглынуў Госпад, не пашкадаваў усе пашы Якуба; зруйнаваў у абурэньні Сваім гарады ўмацаваныя дачкі Юды, кінуў на зямлю, апаганіў валадарства і князёў ягоных.

3 Адсек у полымі гневу ўвесь рог Ізраіля, прыбраў правіцу Сваю ад аблічча ворага і ўзгарэўся супраць Якуба, як полымя агню, якое жарэ навокал.

4 Нацягнуў лук Свой, як вораг, выставіў правіцу Сваю, як прыгнятальнік, і забіў усё што было каштоўнае для вока; у намёце дачкі Сыёну выліў гнеў Свой, як агонь.

5 Госпад стаў як вораг, праглынуў Ізраіля, праглынуў усе палацы ягоныя, зруйнаваў гарады ўмацаваныя ягоныя і памножыў у дачкі Юды стогн і смутак.

6 Разваліў агароджу Сваю саду, зьнішчыў спатканьняў Сваіх; ГОСПАД зрабіў, што забыліся на Сыёне пра сьвяты і суботы, і пагрэбаваў у абурэньні гневу Свайго валадаром і сьвятаром.

7 Адкінуў Госпад ахвярнік Свой, пагрэбаваў сьвятыняй Сваёй, аддаў у руку ворага муры палацаў ейных; яны ўзьнялі голас у Доме ГОСПАДА, як у дзень сьвяточны.

8 Пастанавіў ГОСПАД зруйнаваць муры дачкі Сыёну, працягнуў шнур, не ўхіліў рукі Сваёй ад нішчэньня, і апрануў у жалобу вежы і муры, яны разам змарнелі.

9 Абрынуліся на зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў і паламіў завалы іхнія; валадар яе і князі яе між паганамі; няма Закону, і прарокі ейныя не знаходзяць відзежу ад ГОСПАДА.

10 Сядзяць на зямлі, маўчаць старшыні дачкі Сыёну, пасыпалі попелам галовы свае, падперазаліся зрэбніцаю; схілілі да зямлі галовы свае дзяўчыны Ерусалімскія.

11 Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.

12 Яны кажуць да маці сваіх: «Дзе збожжа і віно?», калі яны зьнемагаюць, як параненыя, на вуліцах гораду, калі душа іхняя выліваецца на ўлоньнях маці іхніх.

13 Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?

14 Прарокі твае мелі для цябе відзежы марныя і фальшывыя, не адкрывалі беззаконьня твайго, каб адвярнуць палон твой, але мелі ві­дзежы для цябе, цяжары марныя і падманлівыя.

15 Пляскаюць у далоні свае над табою ўсе, якія прахо­дзяць дарогаю, сьвішчуць і ківа­юць галовамі сваімі над дачкою Ерусаліму: «Хіба гэта той горад, пра які казалі: “Дасканаласьць прыгажосьці, ра­дасьць для ўсёй зямлі”?».

16 Разявілі пашчы свае на цябе ўсе ворагі твае, сьвіш­чуць і скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі! Гэта сапраўды той дзень, якога мы чакалі, мы знайшлі яго, мы бачылі».

17 Учыніў ГОСПАД тое, што задумаў; Ён споўніў слова Сваё, якое загадаў ад дзён старадаўніх, зруйнаваў і не пашкадаваў, і ўзрадаваў над табою ворага твайго, узьняў рог прыгнятальнікаў тваіх.

18 Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.

19 Уставай, галасі сярод ночы, на пачатку варты вылівай, як ваду, сэрца сваё перад абліччам Госпада; узьнімі рукі свае да Яго за душу немаўлятаў тваіх, якія зьнемагаюць з голаду на ростанях усіх вуліцаў.

20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, каму Ты ўчыніў гэта. Ці маюць жанчыны есьці плод свой, немаўлятаў, якіх выкармілі? Ці маюць быць забіваныя ў сьвятыні Госпада сьвятар і прарок?

21 Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя і старыя; дзяўчыны мае і юнакі мае пападалі ад мяча; Ты забіў у дзень гневу Твайго, пусьціў на зарэз, не пашкадаваў.

22 Ты паклікаў, як на дзень сьвяточны, жахі мае адусюль. У дзень гневу ГОСПАДА ніхто ня ўцёк і ніхто не застаўся; тых, што я выкарміў і выгадаваў, выгубілі ворагі мае.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help