2 ЛЕТАПІСАЎ 23 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

2 Лет 23

1 А ў сёмы год умацаваўся Егаяда, і заключыў запавет з начальнікамі сотняў: Азарыяй, сынам Ерахама, Ізмаэлем, сынам Егаханана, Азарыяй, сынам Адэда, Маасэем, сынам Адая, Элішафатам, сынам Зіхры.

2 І яны абыйшлі Юду, і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юды і галоваў бацькоў Ізраіля, і прыйшлі ў Ерусалім.

3 І ўся царква заключыла запавет з валадаром у Доме ГОС­ПАДА. І сказаў ім: «Вось, сын валадара мае валадарыць, як ГОСПАД сказаў пра сыноў Давіда.

4 Гэтую рэч маеце рабіць: траціна з вас, якія прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, прыдзьвернікамі пры парогах,

5 і траціна — у доме валадара, і траціна — пры браме Есод, а ўвесь народ на панадворках Дому ГОСПАДА.

6 І ніхто няхай не ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, акрамя сьвятароў і лявітаў, якія служаць. Яны маюць увайсьці, бо яны — пасьвячоныя, а ўвесь народ няхай захоўвае загады ГОСПАДА.

7 І няхай лявіты аточаць валадара вакол, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у Дом, няхай будзе забіты. І будзьце пры валадары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць».

8 І зрабілі лявіты і ўвесь Юда паводле ўсяго, што загадаў Егаяда сьвятар, і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу і якія адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў Егаяда сьвятар чэргаў.

9 І раздаў Егаяда сьвятар начальнікам сотняў дзіды, тарчы і шчыты, якія валадар Давід і якія ў Доме Божым,

10 і паставіў увесь народ, і кожны меў зброю сваю ў руцэ сваёй, ад правага боку Дому аж да левага боку Дому, перад ахвярнікамі і каля Дому навокал валадара.

11 І вывялі сына валадара, і ўлажылі на яго карону, і Сьведчаньня, і паставілі яго валадаром; і Егаяда і сыны ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Няхай жыве валадар!»

12 І пачула Аталія голас народу, які бегаў і славіў валадара, і выйшла да народу ў Дом ГОСПАДА.

13 І ўбачыла яна, і вось, валадар стаіць на ўзвышэньні каля ўваходу, і начальнікі, і трубы пры валадары, і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубіць у трубы, і сьпевакі з музычнымі інструмэнтамі кіруюць хвалою. І разьдзерла Аталія шаты свае, і закрычала: «Змова! Змова!»

14 І вывеў Егаяда сьвятар начальнікаў сотняў, якія былі пастаўленыя над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе з шэрагаў, а хто пойдзе за ёю, няхай будзе забіты мячом». Бо сьвятар сказаў: «Не забівайце яе ў Доме ГОСПАДА».

15 І налажылі рукі на яе, і выйшла яна да ўваходу брамы конскай дому валадара, і там забілі яе.

16 І Егаяда заключыў запавет паміж сабою і паміж усім народам і валадаром, каб яны былі народам ГОСПАДА.

17 І ўвесь народ пайшоў да дому Баала, і зруйнаваў яго, і ахвярнікі ягоныя, і выявы ягоныя разьбілі, і забілі Маттана, сьвятара Баала, перад ахвярнікамі.

18 І Егаяда перадаў урады ў Доме ГОСПАДА ў рукі сьвятароў і лявітаў, якіх Давід прызначыў у Доме ГОСПАДА ахвяраваць цэласпаленьні ГОС­ПАДУ, як напісана ў Законе Майсея, з радасьцю і сьпяваньнем, паводле пастановы Давіда.

19 І паставіў ён прыдзьвернікаў каля брамаў Дому ГОС­ПАДА, каб не ўваходзіў ніхто нячысты.

20 І ўзяў ён начальнікаў сотняў, магнатаў, і кіраўнікоў народу, і ўвесь народ зямлі, і вывялі валадара з Дому ГОС­ПАДА, і прайшлі праз браму найвышэйшую ў дом валадара, і пасадзілі валадара на пасадзе валадарскім.

21 І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад быў у супакоі. А Аталію забілі мячом.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help