ЭКЛЕЗІЯСТ 7 - Б?бл?я (пераклад А.Бокуна)(BBB)

Экл 7

1 Лепш імя, чым добры алей, і дзень сьмерці, чым дзень нараджэньня.

2 Лепш ісьці ў дом жалобы, чым ісьці ў дом сьвяткаваньня, бо там — канец кожнага чалавека, і жывы складае гэта ў сэрцы сваім.

3 Лепш смутак, чым сьмех, бо праз засмучанае аблічча будзе лепшым сэрца.

4 Сэрца мудрых — у доме жалобы, а сэрца дурняў — у доме радасьці.

5 Лепш чалавеку слухаць дакараньні мудрага, чым слухаць сьпеў дурняў.

6 Бо сьмех дурня — як трэс­кат трэсак пад гаршчком. І гэта таксама марнасьць.

7 Бо прыгнёт мудрага робіць шалёным, і падарунак псуе сэрца.

8 Лепш канец справы, чым яе пачатак, лепш павольны, чым фанабэрысты.

9 Ня будзь хуткі да гневу ў духу тваім, бо гнеў жыве ў заўлоньні дурняў.

10 Не кажы: “Што гэта такое, што ранейшыя дні былі лепшыя, чым цяперашнія?”, бо ня з мудрасьці ты пытаешся пра гэта.

11 Добрая мудрасьць разам са спадчынай, асабліва для таго, хто бачыць сонца.

12 Бо ў ценю мудрасьці як у ценю срэбра; і карысьць веданьня мудрасьць дае жыцьцё таму, хто мае яе.

13 Паглядзі на справы Божыя, бо хто можа выпрастаць тое, што Ён скрывіў.

14 У дзень добры карыстайся з добрага, а ў дзень ліхі ўбач, што адно зрабіў Бог насупраць другога, так што не знойдзе чалавек, што будзе пасля яго.

15 Усё гэта я бачыў у дні марнасьці маёй: вось, праведнік гіне ў праведнасьці сваёй, і вось бязбожнік доўга жыве ў ліхоце сваёй.

16 Ня будзь залішне праведны, і ня будзь надта мудры! Навошта маеш нішчыць сам сябе?

17 Не асуджай залішне і ня будзь дурнем! Навошта табе паміраць ня ў свой час?

18 Добра, калі будзеш трымацца аднаго, і ад другога не прыбірай рукі тваёй, бо той, хто баіцца Бога, пазьбегне ўсяго гэтага.

19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

20 Бо няма на зямлі чалавека праведнага, які робіць дабро і не грашыць.

21 Таксама кожнае слова, што гавораць, не ўкладай у сэрца тваё, і ня слухай, як слуга твой праклінае цябе;

22 бо ведае сэрца тваё, што ты шмат разоў таксама праклінаў іншых.

23 Усё гэта я выпрабаваў мудрасьцю. Я сказаў: “Я буду мудрым”, але далёка ад мяне.

24 Далёка тое, што ўжо было, і глыбокае, глыбокае. Хто знойдзе яго?

25 Зьвярнуў я сэрца маё, каб спазнаць і дасьледаваць, і шукаць мудрасьць і разуменьне, і каб спазнаць, што бязбожнасьць — дурасьць, а глупота — шаленства.

26 І знайшоў я, што гарчэйшая за сьмерць жанчына, у якой сэрца як пастка і сіло, а рукі ейныя — як путы. Хто добры перад абліччам Бога, той уратуецца ад яе; а грэшнік будзе злоўлены ёю.

27 Вось гэта я знайшоў, сказаў Эклезіяст, адно з другім, каб знайсьці разуменьне.

28 Чаго яшчэ шукала душа мая і не знайшла? Чалавека аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод усіх іх не знайшоў.

29 Вось толькі гэта я знайшоў, што Бог зрабіў чалавека правым, а яны шукаюць усялякія прыдумкі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help