ГАБРЭЯЎ 5 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Габр 5

1Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,

2каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу,

3і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

4І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон.

5Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»;

6як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка».

7Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць;

8хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству;

9і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму,

10і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка.

11Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць.

12Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа.

13Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця;

14а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help