1Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
2каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
3Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п'янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
4таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
5яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
6Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
7Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
8А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
9будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
10служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
11Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
12Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
13але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
14Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
15Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
16а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
17Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
18І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
19Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.
Who We AreWhat We EelieveWhat We Do
2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.