4 ЦАРСТВАЎ 5 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

4 Цар 5

1Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.

2Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.

3І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!

4І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.

5І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;

6і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.

7Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.

8Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.

9І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.

10І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.

11І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;

12хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.

13І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.

14І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.

15І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.

16І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два мулы, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;

18толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.

19І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён адэехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.

20І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць з рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.

21І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?

22Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавекі з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопраткі.

23І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.

24Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.

25Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.

26І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?

27няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help