ЁВА 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ёў 3

1Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой.

2І пачаў Ёў і сказаў:

3хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек!

4Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло!

5Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі!

6Ноч тая, - хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў!

7О! ноч тая - хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць!

8Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана!

9Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц

10за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх!

11Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава?

12Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі?

13Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна

14з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні,

15ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам;

16ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі.

17Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя.

18Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка.

19Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго.

20Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою,

21якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб.

22Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу?

23Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам?

24Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада,

25бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне.

26Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help