СУДЗЬДЗЯЎ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Суд 6

1Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і аддаў іх Гасподзь у рукі Мадыяніцянам на сем гадоў.

2Цяжкая была рука ў Мадыяніцянаў над Ізраілем, і сыны Ізраілевыя зрабілі сабе ад Мадыяніцянаў цясьніны ў гарах і пячоры і ўмацаваньні.

3Калі пасее Ізраіль, прыйдуць Мадыяніцяне і Амалікіцяне, і жыхары ўсходу і ходзяць у іх;

4і стаяць у іх намётамі, і зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авеякі, ні вала, ні асла.

5Бо яны прыходзілі з быдлам сваім і з намётамі сваімі, прыходзілі ў такім мностве, як саранча; ім і вярблюдам іхнім ня было ліку, і хадзілі па зямлі Ізраілевай, спусташаючы яе.

6І вельмі згалеў Ізраіль ад Мадыяніцянаў, і заенчылі сыны Ізраіля да Госпада.

7І калі заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада на Мадыяніцянаў,

8паслаў Гасподзь прарока да сыноў Ізраілевых, і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я вывеў вас зь Егіпта, вывеў вас з дома рабства;

9выбавіў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі ўсіх прыгнятальнікаў вашых, прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхнюю,

10і сказаў вам: «Я - Гасподзь Бог ваш; не шануйце божышчаў Амарэйскіх, у зямлі якіх вы жывяце»; але вы не паслухаліся голасу Майго.

11І прыйшоў анёл Гасподні і сеў у Офры пад дубам, які належаў Ёасу, наступцу Авіезэраваму: сын яго Гедэон малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў.

12І зьявіўся яму анёл Гасподні і сказаў яму: Гасподзь з табою, муж дужы!

13Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: «зь Егіпта вывеў нас Гасподзь»? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам.

14Гасподзь, паглядзеўшы на яго, сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе.

15Гедэон сказаў Яму: Госпадзе! як уратую я Ізраіля! вось, і род мой у племі Манасііным самы бедны, і я ў доме ў бацькі майго наймаладзейшы.

16І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека.

17Гедэон сказаў Яму: калі я здабыў ласку перад вачамі Тваімі, дык зрабі мне азнаку, што Ты гаворыш са мною:

18ня йдзі адгэтуль, пакуль я ня прыйду да цябе і не прынясу дарунку майго і не прапаную Табе. Ён сказаў: Я застануся, пакуль ты ня вернешся.

19Гедэон пайшоў і прыгатаваў казьляня і праснакоў з эфы мукі; мяса паклаў у кош, а ўзвар уліў у горшчык і прынёс да Яго пад дуб і прапанаваў.

20І сказаў яму анёл Божы: вазьмі мяса і праснакі, і пакладзі на гэты камень, і вылі ўзвар. Ён так і зрабіў.

21Анёл Гасподні, працягнуўшы канец жазла, якое было ў руцэ ў яго, дакрануўся да мяса і праснакоў; і выйшаў агонь з каменя і паеў мяса і праснакі; і анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных.

22І ўбачыў Гедэон, што гэта анёл Гасподні, і сказаў Гедэон: гора мне, Уладыка Госпадзе! бо я бачыў анёла Гасподняга твар у твар.

23Гасподзь сказаў яму: мір табе, ня бойся, не памрэш.

24І зладзіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: Ягова Шалом. Ён яшчэ і сёньня ў Офры Авіезэравай.

25У тую ноч сказаў яму Гасподзь: вазьмі цяля са статку бацькі твайго і другое цяля сямігадовае, і развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго,

26і пастаў ахвярнік Госпаду Богу твайму, на вяршыні скалы гэтай, у парадку, і вазьмі другое цяля і прынясі на цэласпаленьне на дровах з дрэва, якое сьсячэш.

27Гедэон узяў дзесяць чалавек з рабоў сваіх і зрабіў, як казаў яму Гасподзь; але як што зрабіць гэта ўдзень ён баяўся хатніх бацькі свайго і жыхароў горада, дык зрабіў уначы.

28Раніцай усталі жыхары горада, і вось, ахвярнік Ваалаў разбураны, і дрэва каля яго сьсечанае, і другое цяля прынесена на цэласпаленьне на ягоным ахвярніку.

29І гаварылі адзін аднаму: хто гэта зрабіў? Шукалі, распытвалі і сказалі: Гедэон, сын Ёасаў, зрабіў гэта.

30І сказалі жыхары горада Ёасу: выведзі сына твайго: ён мусіць памерці за тое, што разбурыў ахвярнік Ваала і сьсек дрэва, якое было каля яго.

31Ёас сказаў усім, што падступіліся да яго: ці вам заступацца за Ваала, ці вам абараняць яго? хто заступіцца за яго, той будзе аддадзены сьмерці гэтай самай раніцы; калі ён Бог, дык няхай сам заступіцца за сябе, бо ён разбурыў ахвярнік ягоны.

32І пачаў зваць яго з таго дня Ераваалам, бо сказаў: хай Ваал сам судзіцца зь ім за тое, што ён разбурыў ахвярнік ягоны.

33Тым часам усе Мадыяніцяне і Амалікіцяне і жыхары ўсходу сабраліся разам у даліне Ізрээльскай.

34І дух Гасподні агарнуў Гедэона; ён затрубіў у трубу, і пакліканы быў род Авіязэраў ісьці за ім.

35І паслаў паслоў па ўсім племі Манасііным, і яно азвалася ісьці за ім; паслаў таксама паслоў да Асіра, Завулона і Нэфталіма, і гэтыя пайшлі насустрач ім.

36І сказаў Гедэон Богу: калі Ты выратуеш Ізраіля рукою маёю, як казаў Ты,

37дык вось, я пасьцялю ў гумне стрыжаную воўну: калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі суха, дык буду ведаць, што выратуеш рукою маёю Ізраіля, як казаў Ты.

38Так і сталася: на другі дзень, устаўшы рана, ён пачаў выціскаць воўну і выціснуў з воўны расы цэлую чару вады.

39І сказаў Гедэор Богу: ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз скажу і яшчэ толькі адзін раз учыню выпрабаваньне над воўнаю: хай будзе суха на адной толькі воўне, а на ўсёй зямлі хай будзе раса.

40Бог так і зрабіў у тую ноч: толькі на воўне было суха, а на ўсёй зямлі была раса.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help