ЛЯВІТ 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ляв 9

1На восьмы дзень паклікаў Майсей Аарона і сыноў ягоных і старэйшынаў Ізраілевых

2і сказаў Аарону: вазьмі сабе з валоў цяля ў ахвяру за грэх і барана на цэласпаленьне, абодвух без пахібы, і пастаў прад аблічча Гасподняе;

3і сынам Ізраілевым скажы: вазьмеце казла ў ахвяру за грэх, і цяля, і ягня, адналетак, без пахібы, на цэласпаленьне,

4і вала і барана ў ахвяру мірную, каб учыніць ахвяраваньне перад абліччам Гасподнім, і прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем, бо сёньня Гасподзь явіцца вам.

5І прынесьлі тое, што загадаў Майсей, да скініі сходу, і прыйшло ўсё супольства і стала перад абліччам Гасподнім.

6І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь зрабіць, і зьявіцца вам слава Гасподняя.

7І сказаў Майсей Аарону: падыдзі да ахвярніка і ўчыні ахвяру тваю за грэх і цэласпаленьне тваё, і ачысьці сябе і народ, і зрабі прынашэньне ад народу, і ачысьці ім, як загадаў Гасподзь.

8І падышоў Аарон да ахвярніка і закалоў цяля, якое за яго, у ахвяру за грэх:

9сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён памачыў палец свой у крыві і паклаў на рогі ахвярніка, а рэшту крыві выліў да падножжа ахвярніка;

10а здор і ныркі і сальнік на печані ад ахвяры за грэх спаліў на ахвярніку, як загадаў Гасподзь Майсею;

11а мяса і скуру спаліў на агні па-за табарам.

12І закалоў цэласпаленьне, і сыны Аарона паднесьлі яму кроў; ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

13і прынесьлі яму цэласпаленьне ў кавалках і галаву, і ён спаліў на ахвярніку,

14а вантробы і ногі абмыў і спаліў з цэласпаленьнем на ахвярніку.

15І прынёс прынашэньне ад народу: і ўзяў ад народу казла за грэх, і закалоў яго, і прынёс яго ў ахвяру за грэх, як і першага.

16І прынёс цэласпаленьне і ўчыніў яго паводле статуту.

17І прынёс прынашэньне хлебнае і напоўніў ім рукі свае, і спаліў на ахвярніку звыш ранішняга цэласпаленьня.

18І закалоў вала і барана, якія ад народу, у ахвяру мірную; і сыны Аарона паднесьлі яму кроў, і ён пакрапіў ёю на ахвярнік з усіх бакоў;

19паднесьлі і тлушч з вала, і з барана курдзюк, і здор, што на вантробах, і ныркі і сальнік на печані,

20і паклалі: тлушч на грудзіну, і ён спаліў тлушч на ахвярніку;

21а грудзіну і правы плячук прынёс Аарон, трасучы перад абліччам Гасподнім, як загадаў Майсей.

22І падняў Аарон рукі свае, павярнуўшыся да людзей, і дабраславіў іх, і сышоў, учыніўшы ахвяру за грэх, цэласпаленьне і ахвяру мірную.

23І ўвайшлі Майсей і Аарон у скінію сходу, і выйшлі, і дабраславілі народ. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму народу:

24і выйшаў агонь ад Госпада і спаліў на ахвярніку цэласпаленьня і тлушч; і бачыў увесь народ і ўсклікнуў з радасьці, і ўпаў на аблічча сваё.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help