1 ЦАРСТВАЎ 14 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Цар 14

1Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.

2А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу

3і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.

4Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;

5адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.

6І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць праз многіх, альбо нямногіх.

7І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.

8І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;

9калі яны так скажуць нам: «спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас», дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;

10а калі так скажуць: «падымемся да нас», дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.

11Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.

12І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.

13І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.

14І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносца ягонага каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.

15І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.

16І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.

17І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.

18І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, - бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.

19Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.

20І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.

21Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;

22І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.

23І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.

24Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.

25І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.

26І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.

27А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і прасьвятлелі вочы ягоныя.

28І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.

29І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;

30калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?

31І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.

32І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.

33І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.

34Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.

35І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.

36І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.

37І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.

38Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?

39бо - жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, - калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.

40І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.

41І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.

42Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.

43І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.

44І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!

45Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.

46І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.

47І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.

48І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.

49Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай - Мэрова, а імя малодшай - Мэлхола.

50А імя жонкі Саўлавай - Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага - Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.

51Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.

52І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help