1 ЦАРСТВАЎ 18 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Цар 18

1Калі закончыў Давід гутарку з Саўлам, душа Ёнатана прыляпілася да душы ягонай, і палюбіў яго Ёнатан, як сваю душу.

2І ўзяў яго Саўл таго самага дня і не дазволіў яму вяртацца ў дом бацькі ягонага.

3А Ёнатан заключыў з Давідам спрымірэнства, бо палюбіў яго, як сваю душу.

4І зьняў Ёнатан вопратку сваю, якая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама і астатнюю вопратку сваю, і меч свой, і лук свой, і свой пояс.

5І Давід дзеяў разумна ўсюды, куды ні пасылаў яго Саўл, і зрабіў яго Саўл начальнікам над ваеннымі людзьмі; і гэта спадабалася ўсяму народу і слугам Саўлавым.

6Калі яны ішлі, пры вяртаньні Давіда зь перамогі над Філістымлянінам, дык жанчыны з усіх гарадоў Ізраільскіх выходзілі насустрач Саўлу цару са сьпевамі і танцамі, з урачыстымі тымпанамі і зь кімваламі.

7І крычалі жанчыны, якія ігралі, кажучы: Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!

8І Саўл моцна засмуціўся, і няпрыемнае яму было гэтае слова, і ён сказаў: Давіду далі дзясяткі тысяч, а мне тысячы; яму нехапае толькі царства.

9І з таго дня і потым падазрона глядзеў Саўл на Давіда.

10І было на другі дзень: напаў ліхі дух ад Бога на Саўла, і ён шалеў у доме сваім, а Давід граў рукою сваёю на струнах, як і ў іншыя дні; у руцэ ў Саўла была дзіда.

11І кінуў Саўл дзіду, падумаўшы: прыб'ю Давіда да сьцяны; але Давід два разы ўхіліўся ад яго.

12І пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся.

13І выдаліў яго Саўл ад сябе і паставіў яго ў сябе тысячнікам, і ён уваходзіў і выходзіў перад народам.

14І Давід ва ўсіх дзеях сваіх рабіў разумна, і Гасподзь быў зь ім.

15І Саўл бачыў, што ён вельмі разумны, і баяўся яго.

16А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён уваходзіў і выходзіў перад ім.

17І сказаў Саўл Давіду: вось старэйшая дачка мая, Мэрова: я дам яе табе за жонку, толькі будзь у мяне адважны і вядзі войны Гасподнія. Бо Саўл думаў: няхай не мая рука будзе на ім, а рука Філістымлянаў будзе на ім.

18Але Давід сказаў Саўлу: хто я і што жыцьцё маё і род бацькі майго ў Ізраілі, каб мне быць зяцем царовым?

19А калі настаў час аддаць Мэрову, дачку Саўлавую, Давіду, дык яна выдадзена была замуж за Адрыэла з Мэхолы.

20Але Давіда пакахала другая дачка Саўлавая, Мэлхола; і калі паведамілі пра гэта Саўлу, дык гэта было прыемна яму.

21Саўл думаў: аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і рука Філістымлянаў будзе на ім. І сказаў Саўл Давіду: праз другую ты пароднішся са мною.

22І загадаў Саўл слугам сваім: скажэце Давіду патаемна: вось, цар дабраволіць табе, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе; дык вось, будзь зяцем царовым.

23І перадалі слугі Саўлавыя ў вушы Давіду ўсе словы гэтыя. І сказаў Давід: хіба лёгка здаецца вам быць зяцем цара? я - чалавек бедны і нязначны.

24І данесьлі Саўлу слугі ягоныя і сказалі: вось, што кажа Давід.

25І сказаў Саўл: так скажэце Давіду, цар ня хоча вена, апрача ста краеабразаньняў Філістымскіх, у помсту ворагам царовым. Бо Саўл меў на думцы загубіць Давіда рукамі Філістымлянаў.

26І пераказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і спадабалася Давіду стацца зяцем царовым.

27Яшчэ не прайшлі вызначаныя дні, як Давід устаў і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і забіў дзьвесьце чалавек Філістымлянаў, і прынёс Давід краеабразаньні іхнія, і падаў іх у поўным ліку цару, каб зрабіцца зяцем царовым. І выдаў Саўл за яго Мэлхолу, дачку сваю, замуж.

28І ўбачыў Саўл і зразумеў, што Гасподзь з Давідам, і што Мэлхола, дачка Саўлавая, любіла Давіда.

29І пачаў Саўл яшчэ больш баяцца Давіда і зрабіўся ворагам ягоным на ўсё жыцьцё.

30І калі правадыры Філістымскія выйшлі на вайну, Давід, з самага выхаду іхняга, дзеяў разумней за ўсіх слуг Саўлавых, і вельмі праславілася імя ягонае.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help