ЛУКАША 9 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Лк 9

1І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,

2і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых

3і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;

4і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;

5а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.

6Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.

7Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;

8другія - што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.

9І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.

10Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.

11Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.

12А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.

13Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.

14Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.

15І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.

16А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.

17І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.

18Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?

19Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя - за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.

20А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.

21Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,

22сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

23А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;

24бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,

25бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?

26бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.

27Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.

28Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.

29І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.

30І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:

31зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.

32Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.

33І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, - ня ведаючы, што казаў.

34Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.

35І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

36Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.

37А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.

38Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:

39яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;

40я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.

41А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.

42І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.

43І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

44пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.

45Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.

46І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?

47А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

48і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.

49Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.

50Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.

51А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,

52і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;

53але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.

54Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?

55Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;

56бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.

57Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

58Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя - гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

59А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.

60Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.

61Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.

62Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help