2 ЛЕТАПІСАЎ 30 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 30

1І паслаў Эзэкія па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і лісты пісаў Яфрэму і Манасіі, каб прыйшлі ў дом Гасподні, у Ерусалім, дзеля ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму.

2І пастанавіў на радзе цар і князі ягоныя і ўвесь сход у Ерусаліме - учыніць пасху ў другім месяцы,

3бо не маглі ўчыніць яе сваім часам, бо сьвятары яшчэ не асьвяціліся ў дастатковай колькасьці і народ не сабраўся ў Ерусалім.

4І спадабалася гэта цару і ўсяму сходу.

5І пастанавілі абвясьціць па ўсім Ізраілі, ад Вірсавіі да Дана, каб ішлі ў Ерусалім для ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму, бо даўно ня ўчынялі яе, як прадпісана.

6І пайшлі ганцы зь лістамі ад цара і ад князёў па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і па загадзе цара казалі: дзеці Ізраіля, навярнецеся да Госпада Бога Абрагама, Ісака і Ізраіля, і Ён павернецца да рэшты, ацалелай у вас ад рукі цароў Асірыйскіх.

7І ня будзьце такія, як бацькі вашыя і браты вашыя, якія беззаконна дзеялі прад Госпадам Богам бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.

8Цяпер ня будзьце цвёрдахрыбетныя, як бацькі вашыя, скарэцеся Госпаду і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў навек: і служэце Госпаду Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.

9Калі вы навернецеся да Госпада, тады браты вашыя і дзеці вашыя будуць у літасьці ў тых, што паланілі іх, і вернуцца на зямлю гэтую, бо добры і міласэрны Гасподзь Бог ваш і не адверне аблічча ад вас, калі вы зьвернецеся да Яго.

10І хадзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Яфрэмавай і Манасіінай і да Завулонавай, але зь іх сьмяяліся і зьдзекаваліся.

11Аднак некаторыя з племя Асіравага, Манасіінага і Завулонавага зьмірыліся і прыйшлі ў Ерусалім.

12І над Юдэяю была рука Божая, якая даравала ім адзінае сэрца, каб выканаць загад цара і князёў, па слове Гасподнім.

13І сабралася ў Ерусаліме мноства народу для ўчыненьня сьвята праснакоў, у другі месяц, - сход вельмі шматлюдны.

14І ўсталі і скінулі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме; і ўсё, на чым учынялася дымленьне ідалам, разбурылі і кінулі ў паток Кедрон;

15і закалолі пасхальнае ягня на чатырнаццаты дзень другога месяца. Сьвятары і лявіты пасаромеўшыся асьвяціліся і прынесьлі цэласпаленьні ў дом Гасподні,

16і пачалі на сваім месцы паводле статуту свайго, паводле закона Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёю з рук лявітаў.

17А як многа было на сходзе такіх, якія не асьвяціліся, дык замест нячыстых лявіты закалолі пасхальнае ягня для прысьвячэньня Госпаду.

18Многія з народу, найбольш з калена Яфрэмавага і Манасіінага, Ісахаравага і Завулонавага, не ачысьціліся; аднак яны елі пасху, не паводле статуту.

19Але Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: Гасподзь добры хай даруе кожнаму, хто прыхіліў сэрца сваё да таго, каб знайсьці Госпада Бога, Бога бацькоў сваіх, хоць і без ачышчэньня сьвятога!

20І пачуў Гасподзь Эзэкію і дараваў народу.

21І ўчынілі сыны Ізраілевыя, якія былі ў Ерусаліме, сьвята праснакоў на сем дзён, зь вялікай весялосьцю, кожны дзень лявіты і сьвятары славілі Госпада на спарудах, зробленых дзеля славаслаўленьня Госпада.

22І гаварыў Эзэкія па сэрцы ўсім лявітам, якія мелі добрае разуменьне ў служэньні Госпаду. І елі сьвяточнае сем дзён, прыносячы ахвяры мірныя і славячы Госпада Бога бацькоў сваіх.

23І рашыў увесь сход сьвяткаваць другія сем дзён, і правялі гэтыя сем дзён у весялосьці,

24бо Эзэкія, цар Юдэйскі, выставіў сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла, і вяльможы выставілі сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла; і сьвятароў асьвяцілася ўжо многа.

25І весяліўся ўвесь сход зь Юдэі, і сьвятары і лявіты, і ўвесь збор, што прыйшлі ад Ізраіля, і прыхадні, і тыя што прыйшлі зь зямлі Ізраільскай і што жылі ў Юдэі.

26І была весялосьць вялікая ў Ерусаліме, бо зь дзён Саламона, сына Давідавага, цара Ізраілевага, ня бывала падобнага на гэты ў Ерусаліме.

27І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ; і пачуты быў голас іх, і ўзышла малітва іхняя ў сьвятое жытлішча Яго на нябёсы.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help