3 ЦАРСТВАЎ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

3 Цар 6

1У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.

2Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,

3і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.

4І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.

5І зрабіў прыбудову вакол сьценаў храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых і зрабіў бакавыя пакоі вакол.

6Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.

7Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.

8Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесьвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.

9І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.

10І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.

11І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:

12вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,

13і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.

14І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.

15І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.

16І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.

17Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.

18На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.

19А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паставіць там каўчэг запавета Гасподняга.

20І Сьвятое Сьвятых было ў даўжыню дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.

21І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.

22Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.

23І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.

24Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.

25Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.

26Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.

27І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.

28І абклаў ён херувімаў золатам.

29І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.

30І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.

31Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.

32На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.

33І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя

34і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.

35І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.

36І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.

37На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,

38а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул, - гэта месяц восьмы, - ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help