ІСАІ 16 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Іс 16

1Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;

2бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.

3«Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.

4Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.

5І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе».

6«Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго».

7Таму загалосіць Мааў па Мааве, - усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.

8Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.

9Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.

10Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.

11Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё - па Кірхарэшэце.

12Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.

13Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.

14А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help