ВЫХАД 39 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Вых 39

1А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.

2І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;

3і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.

4І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.

5І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.

6І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;

7і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.

8І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;

9ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;

10і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, - гэта першы рад;

11у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;

12у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;

13у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.

14Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.

15Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;

16і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,

17і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,

18а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;

19яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.

20І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;

21і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.

22І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,

23і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;

24па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;

25і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:

26бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.

27І зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,

28і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,

29і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.

30І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»;

31і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.

32Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.

33І прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,

34покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,

35каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,

36стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,

37сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,

38залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,

39ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,

40заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,

41вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.

42Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.

43І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help