ДЗЕІ 10 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Дз 10

1У Кесарыі быў адзін чалавек, якога звалі Карнілій, сотнік з кагорты, называнай Італійскай,

2пабожны і богабаязны з усім домам сваім, ён рабіў шмат міласьціны людзям і заўсёды маліўся Богу.

3Ён ва ўяве ясна бачыў каля дзявятай гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнілій!

4А ён, зірнуўшы на яго і спалохаўшыся, сказаў: што, Госпадзе? Анёл адказваў яму: малітвы твае і міласьціны твае ўзгадаліся перад Богам;

5дык пашлі людзей у Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром:

6ён гасьцюе ў нейкага Сымона-гарбара, чый дом каля мора; ён скажа табе, што табе трэба рабіць.

7Калі анёл, які гаварыў з Карніліем, адышоў, дык ён, паклікаўшы двух сваіх слуг і набожнага воіна з тых, што былі пры ім,

8і расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёпію.

9На другі дзень, калі яны ішлі і набліжаліся да горада, Пётр каля шостай гадзіны ўзышоў на дах дома памаліцца.

10І адчуў ён голад, і захацеў есьці; пакуль гатавалі, найшла на яго жарсьць,

11і бачыць адчыненае неба і нейкі посуд, які апускаецца да яго, нібы вялікае палатно, прывязанае за чатыры рагі і апусканае на зямлю;

12у ім былі ўсякія чатырногі зямныя, зьвяры, плазуны і птушкі нябесныя.

13І быў голас яму: устань, Пётр, закалі і еж.

14Але Пётр сказаў: не, Госпадзе! я ніколі ня еў нічога паганага або нячыстага.

15Тады другі раз быў голас яму: што Бог ачысьціў, таго не ўважай за нячыстае.

16Гэта было тройчы - і посуд зноў падняўся на неба.

17Калі ж Пётр раздумваў сам сабе, што б такое азначаў гэты відзеж, што ён бачыў, - вось, мужы, пасланыя Карніліем, распытаўшыся пра дом Сымонаў, спыніліся каля варот,

18і, гукнуўшы, спыталіся: ці тут Сымон, якога завуць Пятром?

19Тым часам, як Пётр разважаў пра відзеж, Дух сказаў яму: вось, трох чалавек шукаюць цябе;

20устань, сыйдзі і йдзі зь імі, зусім не сумняваючыся; бо Я паслаў іх.

21Пётр, сыйшоўшы да людзей, прысланых да яго ад Карнілія, сказаў: я той, каго вы шукаеце; дзеля якой справы прыйшлі вы?

22А яны сказалі: Карнілій сотнік, чалавек дабрачынны і богабаязны, шанаваны ўсім народам Юдэйскім, атрымаў ад сьвятога анёла наказ паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словаў тваіх.

23Тады Пётр, запрасіўшы іх, пачаставаў; а назаўтра, устаўшы, пайшоў зь імі, і некаторыя браты Ёпійскія пайшлі зь ім.

24На другі дзень прыйшлі яны ў Кесарыю. А Карнілій чакаў іх, склікаўшы родзічаў і сваіх блізкіх сяброў.

25Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і пакланіўся, прыпаўшы да ног ягоных.

26А Пётр падняў яго, кажучы: устань; я таксама чалавек.

27І, гутарачы зь ім, увайшоў і знайшоў многа сабраных.

28І сказаў ім: вы ведаеце, што Юдэю забаронена зносіцца або збліжацца зь іншапляменцам; але мне Бог адкрыў, каб я не ўважаў ніводнага чалавека за паганага альбо нячыстага;

29таму я, будучы пакліканы, і прыйшоў безь пярэчаньня; і вось, пытаюся: на якую дзею вы клікнулі мяне?

30Карнілій сказаў: з чацьвёртага дня я пасьціўся да цяперашняй гадзіны і а дзявятай гадзіне маліўся ў сваім доме; і вось, паўстаў перада мною муж у сьветлым адзеньні

31і кажа: Карнілій! пачута малітва твая і міласьціны твае спамянуліся перад Богам;

32дык пашлі ў Ёпію і пакліч Сымона, якога завуць Пятром: ён гасьцюе ў доме гарбара Сымона каля мора; ён прыйдзе і скажа табе.

33Адразу паслаў я да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў: цяпер мы ўсе стаім перад Богам, каб выслухаць усё, што наказана табе ад Бога.

34А Пётр разамкнуў вусны і сказаў: у ісьціне спазнач, што Богу не абліччы спадобныя,

35а ў кожным народзе той, хто богабаязны і робіць па праўдзе, да спадобы Яму.

36Ён паслаў сынам Ізраілевым слова, зьвястуючы мір празь Ісуса Хрыста; Гэты ёсьць Гасподзь усіх.

37Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, прапаведаванага Янам:

38як Бог Духам Сьвятым і моцай памазаў Ісуса з Назарэта, і Ён хадзіў, дабро ўчыняючы і ацаляючы ўсіх, паняволеных д'яблам, бо Бог быў зь Ім;

39і мы сьведкі ўсяго, што зрабіў Ён у краі Юдэйскім і ў Ерусаліме, і што нарэшце Яго забілі, павесіўшы на дрэве.

40Гэтага Бог уваскрэсіў на трэйці дзень, і даў Яму зьяўляцца,

41не ўсяму людзтву, а сьведкам, сьпярша Богам выбраным, нам, якія зь Ім елі і пілі пасьля ўваскрэсеньня Яго зь мёртвых;

42і Ён наказаў нам прапаведаваць людзям і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны Богам Судзьдзя жывым і мёртвым.

43Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае дараваньне грахоў імем Ягоным.

44Калі Пётр яшчэ гаварыў, Дух Сьвяты зыйшоў на ўсіх, хто слухаў слова.

45І вернікі з абрэзаных, што прыйшлі зь Пятром, зьдзівіліся, што дар Сьвятога Духа выліўся і на язычнікаў;

46бо чулі, як рознымі мовамі гаварылі яны і славілі Бога. Тады Пётр сказаў:

47хто можа забараніць ахрысьціцца вадою тым, якія, як і мы, атрымалі Сьвятога Духа?

48І наказаў ім ахрысьціцца ў імя Ісуса Хрыста. Потым яны прасілі яго пабыць у іх некалькі дзён.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help