4 ЦАРСТВАЎ 14 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

4 Цар 14

1У другі год Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, зацараваў Амасія, сын Ёаса, цар Юдэйскі:

2дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Егаадань, зь Ерусаліма.

3І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, хоць і ня так, як бацька ягоны Давід: ён ва ўсім рабіў так, як бацька яго Ёас.

4Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5Калі ўмацавалася царства ў руках яго, тады ён аддаў сьмерці слуг сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.

6Але дзяцей забойцаў не забіў, бо напісана ў кнізе закона Майсеевага, у якой наказваў Гасподзь, кажучы: не павінны быць караныя сьмерцю бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць караныя сьмерцю за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен быць караны сьмерцю.

7Ён пабіў дзесяць тысяч Ідумэянаў у даліне Саляной, і ўзяў Сэлу вайною, і даў ёй імя Ёктэіл, якое і да сёньня.

8Тады паслаў Амасія паслоў да Ёаса, цара Ізраільскага, сына Ёахаза, сына Іуя, сказаць: выйдзі, пабачымся асабіста.

9І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіія, цара Юдэйскага, сказаць: цярне, якое на Ліване, паслала да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі дзікія зьвяры, што на Ліване, і вытапталі гэтае цярне.

10Ты пабіў Ідумэянаў, і заганарылася сэрца тваё. Вялічайся і сядзі ў сябе дома. Навошта табе распальваць свару сабе на бяду? Загінеш ты і Юда з табою.

11Але не паслухаўся Амасія. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і пабачыліся асабіста ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Бэтсамісе, што ў Юдэі.

12І разьбіты былі Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся па намётах сваіх.

13І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ахозіі, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Бэтсамісе, і пайшоў у Ерусалім і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамаў вуглавых на чатырыста локцяў.

14І ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які знайшоўся ў доме Гасподнім і ў скарбніцах царскага дома, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

15Астатняе пра Ёаса, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, і як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісанага ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, і пахаваны ў Самарыі з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Ераваам, сын ягоны, замест яго.

17І жыў Амасія, сын Ёасаў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.

18Астатнія дзеі Амасіі запісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.

19І склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ўцёк ён у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.

20І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым.

21І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азарыю, якому было шаснаццаць гадоў, і ўзьвялі яго ў цара замест бацькі ягонага Амасія.

22Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як цар спачыў з бацькамі сваімі.

23У пятнаццаты год Амасіі, сына Ёасавага, цара Юдэйскага, зацараваў Ераваам, сын Ёасаў, цар Ізраільскі, у Самарыі і валадарыў сорак адзін год,

24і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адступаўся ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

25Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра,

26бо Гасподзь бачыў бедства Ізраіля, вельмі горкае, так што не заставалася ні замкнутага, ні таго, хто застаўся, і ня было памочніка ў Ізраіля.

27І не захацеў Гасподзь выкараніць імя Ізраільцян з паднябеснай, і выратаваў іх рукою Ераваама, сына Ёасавага.

28Астатняе пра Ераваама і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў і як вярнуў Ізраілю Дамаск і Эмат, што належаў Юду, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

29І спачыў Ераваам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Захарый, сын ягоны, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help