ПЛАЧ 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Плач 3

1Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

2Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

3Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

4выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

5абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

6пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

7акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

8і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

9крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.

10Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

11скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

12напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

13паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

14Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

15Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

16скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

17І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

18і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

19Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

20Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

21Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

22зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

23ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

24Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

25Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

26Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

27Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

28сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

29кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;

30падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б'е, здавальняецца ганьбаваньнем,

31бо не навек пакідае Гасподзь.

32Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

33Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

34Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

36калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

37Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?

38Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

39Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

40Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

41Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

42мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

43Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

44Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

45сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

46Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

47Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне - доля наша.

48Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.

49Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

50пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

51Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

52Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

53укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

54Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».

55Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

56Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

57Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

58Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

59Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

60Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

61Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

62словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

63Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх - песьня.

64Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

65пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

66перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help