1 ЦАРСТВАЎ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

1 Цар 6

1І прабыў каўчэг Гасподні ў вобласьці Філістымскай сем месяцаў.

2І паклікалі Філістымляне жрацоў і празарліўцаў і сказалі: што нам рабіць з каўчэгам Гасподнім? навучэце нас, як нам адпусьціць яго ў месца ягонае.

3Тыя сказалі: калі вы хочаце адпусьціць каўчэг Бога Ізраілевага, дык не адпускайце яго ні з чым, а прынясеце яму ахвяру павіннасьці; тады ацаліцеся і ўведаеце, за што не адступае ад вас рука Ягоная.

4І сказалі яны: якую ахвяру павіннасьці мусім прынесьці мы Яму? Тыя сказалі: па ліку ўладароў Філістымскіх пяць нарасьцяў залатых і пяць мышэй залатых; бо кара адна на ўсіх вас і на ўладарах вашых;

5дык вось, зрабеце выявы нарасьцьяў вашых і выявы мышэй вашых, што спусташаюць зямлю, і ўзьнясеце славу Богу Ізраілеваму; магчыма, Ён паслабіць руку Сваю над вамі і над багамі вашымі і над зямлёю вашаю;

6і навошта вам рабіць жорсткім сэрца ваша, як ажарсьцьвілі сэрца сваё Егіпцяне і фараон? вось, калі Гасподзь паказаў сілу Сваю над імі, дык яны адпусьцілі іх, і тыя пайшлі;

7дык вось, вазьмеце, зрабеце адну калясьніцу новую і вазьмеце дзьве каровы-першацёлкі, на якіх ня было ярма, і запражэце кароў у калясьніцы, а цялят ад іх завядзеце ад іх дамоў;

8і вазьмеце каўчэг Гасподні і пастаўце яго на калясьніцу, а залатыя рэчы, якія прынесяце Яму ў ахвяру павіннасьці, пакладзеце ў скрынку збоку ад яго; і адпусьцеце яго, і хай пойдзе;

9і глядзеце, калі ён пойдзе да межаў сваіх, да Бэтсаміса, дык ён вялікае гэтае ліха зрабіў нам; а калі не, дык мы будзем ведаць, што не ягоная рука пакарала нас, а зрабілася гэта з намі выпадкова.

10І зрабілі яны так: і ўзялі дзьве каровы-першацёлкі і запрэглі іх у калясьніцу, а цялят іх затрымалі дома;

11і паставілі каўчэг Госпада на калясьніцу і скрынку з залатымі мышамі і выявамі нарасьцяў.

12І пайшлі каровы проста на дарогу да Бэтсаміса: адною дарогаю ішлі, ішлі і рыкалі, але ня ўхіляліся ні направа, ні налева; а ўладары Філістымскія ішлі сьледам за імі да межаў Бэтсаміса.

13Жыхары Бэтсаміса жалі тады пшаніцу ў даліне і, зірнуўшы, угледзелі каўчэг Гасподні, і ўзрадаваліся, што ўбачылі яго.

14А калясьніца прыйшла на поле Ісуса Бэтсамісяніна і спынілася там; і быў тут вялікі камень, і раскалолі калясьніцу на дровы, а кароў прынесьлі на цэласпаленьне Госпаду.

15Лявіты зьнялі каўчэг Госпада і скрынку, што была пры ім, у якой былі залатыя рэчы, і паставілі на вялікім тым камені; а жыхары Бэтсаміса прынесьлі таго дня цэласпаленьне і закалолі ахвяры Госпаду.

16І пяць уладароў Філістымскіх бачылі гэта і вярнуліся таго ж дня ў Акарон.

17Залатыя гэтыя нарасьці, якія прынесьлі Філістымляне ў ахвяру павіннасьці Госпаду, былі: адна за Азот, адна за Газу, адна за Аскалон, адна за Гэт, адна за Акарон;

18а залатыя мышы былі па колькасьці гарадоў Філістымскіх - пяці валадароў, ад гарадоў умацаваных і да адкрытых сёлаў, да вялікага каменя, на якім паставілі каўчэг Госпада, і які да сёньня на полі Ісуса Бэтсамісяніна.

19І пакараў Ён жыхароў Бэтсаміса за тое, што яны заглядвалі ў каўчэг Госпада, і забіў з народу пяцьдзесят тысяч семдзесят чалавек. І заенчыў народ, бо пакараў Гасподзь народ караю вялікаю.

20І сказалі жыхары Бэтсаміса: хто можа стаяць прад Госпадам, Гэтым Сьвятым Богам? і да каго Ён пойдзе ад нас?

21І паслалі паслоў да жыхароў Кірыятыярыма сказаць: Філістымляне вярнулі каўчэг Госпада; прыйдзеце, вазьмеце яго сабе.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help