2 ЛЕТАПІСАЎ 24 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

2 Лет 24

1Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.

2І рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.

3І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.

4І пасля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,

5і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.

6І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?

7Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.

8І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.

9І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.

10І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.

11У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра;

12і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.

13І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.

14І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.

15І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.

16І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.

17Але пасля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,

18І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, - і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.

19І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.

20І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.

21І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.

22І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.

23І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.

24Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,

25і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.

26А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.

27Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help