4 ЦАРСТВАЎ 19 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

4 Цар 19

1Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.

2І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.

3І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня - дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.

4Можа, пачуе Гасподзь, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.

5І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,

6і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб'ю яго мечам у зямлі ягонай.

8І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:

10так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцьце, - дык жа ці ты ацалееш?

12Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? - Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна! што ў Таласары?

13Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія прад абліччам Гасподнім,

15і маліўся Эзэкія прад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

16Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!

17Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,

18і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, - таму і вынішчылі іх.

19І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

20І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.

21Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.

22Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?

23Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзыду на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсяку рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйду на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:

24і адкапаю я і піцьму ваду чужую, і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.

25Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?

26І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і сьвежая зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.

27Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.

28За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.

29І вось табе, Эзэкія, азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год - самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.

30І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,

31бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.

32Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.

33Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

34Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

35І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.

36І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

37І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сын ягоны, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын Гоны, замест яго.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help