ЕРАМІІ 6 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Ер 6

1Бяжэце, дзеці Веньямінавыя, спасярод Ерусаліма, і ў Тэкое трубеце ў трубу і дайце знак агнём у Бэткарэме, бо з поўначы ідзе бяда і пагібель вялікая.

2Я зруйную дачку Сіёна, прыгожую і сьпешчаную.

3Пастухі са статкамі сваімі прыйдуць да яе, раскінуць намёты вакол яе; кожны будзе пасьвіць сваю дзялянку.

4Рыхтуйце вайну супраць яе; уставайце і пойдзем апоўдні. Гора нам! дзень ужо хіліцца, доўжацца цені вячэрнія.

5Уставайце, пойдзем і ўначы, і зруйнуем харомы яе!

6Бо так кажа Гасподзь Саваоф: сячэце дрэвы і рабеце насып супроць Ерусаліма: гэты горад павінен быць пакараны; у ім усялякі прыгнёт.

7Як крыніца зь сябе вывяргае ваду, так ён точыць ліха зь сябе: чутно ў ім насільле і рабаўніцтва, перад абліччам Маім - заўсёды крыўды і раны.

8Набярыся розуму, Ерусаліме, каб душа Мая не аддалілася ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пусткаю, зямлёй неабжытаю.

9Так кажа Гасподзь Саваоф: да канца дабяруць рэшту Ізраіля, як вінаград; працуй рукою тваёю, як зборшчык вінаграду, кашы напаўняючы.

10Да каго гаварыць мне і каго ўгаворваць, каб слухалі? Вось, вуха ў іх неабрэзанае, і яны ня могуць слухаць; вось слова Гасподняе ў іх пасьмешышча: яно няпрыемнае ім.

11Таму Я перапоўнены лютасьцю Гасподняю, не магу трымаць яе ў сабе; вылью яе на дзяцей на вуліцы і на зборню юнакоў; узятыя будуць муж з жонкаю, пажылы з тым, хто аджыў гады.

12І дамы іхнія пяройдуць да іншых, гэтак сама і палі і жонкі; бо Я працягну руку Маю на насельнікаў гэтай зямлі, кажа Гасподзь.

13Бо ад малога да вялікага, кожны зь іх аддадзены карысьлівасьці, і ад прарока да сьвятара - усе дзеюць ілжыва;

14Лечаць раны народа Майго легкадумна, кажучы: «Мір! мір!», а міру няма.

15Ці саромеюцца яны, робячы гнюсоты? Не, зусім не саромеюцца і не чырванеюць. Затое загінуць сярод пагіблых, і ў часіну наведаньня Майго будуць пабітыя, кажа Гасподзь.

16Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым. Але яны сказалі: «ня пойдзем».

17І паставіў я варту над вамі, сказаўшы: слухайцеся гуку трубы. Але яны сказалі: «ня будзем слухацца».

18Дык вось, слухайце, народы, і ведай, зборня, што зь імі будзе.

19Слухай, зямля: вось, я прывяду на народ гэты пагібель, плод помыслаў іхніх; бо яны слоў Маіх ня слухалі і закон Мой адкінулі.

20Навошта Мне ладан, які ідзе з Савы, і пахучы трысьнёг з далёкай краіны? Цэласпаленьні вашыя недагодныя, і ахвяры вашыя няпрыемныя Мне.

21Таму так кажа Гасподзь: вось, я кладу перад народам гэтым спатыкі, і спатыкнуцца на іх бацькі і дзеці разам, сусед і сябар ягоны, і загінуць.

22Так кажа Гасподзь: вось, ідзе народ з краіны паўночнай, і народ вялікі падымаецца ад краёў зямлі;

23трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя, голас у іх шуміць, як мора, і ляцяць на конях, выстраеныя, як адзін чалавек, каб цябе зваяваць, дачка Сіёна.

24Мы пачулі вестку пра іх, і рукі ў нас апусьціліся, скруха агарнула нас, пакуты, як жанчыну ў родах.

25Ня выходзьце ў поле і не хадзеце па дарозе, бо меч непрыяцеляў, жах з усіх бакоў.

26Дачка народу майго! аперажы сябе вярэтаю і пасып сябе попелам; смуткуй, як бы па сьмерці адзінага сына, - горка плач; бо зьнянацку прыйдзе на нас загубца.

27Вежаю паставіў Я цябе сярод народу Майго, слупам, каб ты ведаў і пільнаваў шлях іхні.

28Усе яны - упартыя адступнікі, жывуць паклёпам; гэта - медзь і жалеза, - усе яны разбэшчваюць.

29Паддзімальны мех абгарэў, сьвінец сатлеў ад агню: гутнік плавіў дарма, бо ліхія не аддзяліліся;

30адкінутым срэбрам назавуць іх, бо Гасподзь адкінуў іх.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help