ДЗЕІ 17 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Дз 17

1Прайшоўшы праз Амфіполь і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была Юдэйская сынагога.

2Павал, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гаварыў зь імі паводле Пісаньняў,

3адкрываючы і даказваючы ім, што мусіў Хрыстос пацярпець і ўваскрэснуць зь мёртвых, і што Гэты Хрыстос ёсьць Ісус, Якога я прапаведую вам.

4І некаторыя зь іх уверавалі і далучыліся да Паўла і Сілы, - як безьліч з шаноўцаў Бога Элінаў, так і знакамітых жанчын нямала.

5А Юдэі, якія не ўверавалі, пазайздросьціўшы і пабраўшы з плошчы многіх нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад і, падступіўшы да дома Ясона, дамагаліся вывесьці іх да людзей.

6А не знайшоўшы іх, павалаклі Ясона і некаторых братоў да гарадзкіх начальнікаў з крыкам, што гэтыя сусьветныя падбухторшчыкі прыйшлі і сюды,

7а Ясон прыняў іх, і ўсе яны ўчыняюць насуперак загадам кесаравым, уважаючы іншага за цара, Ісуса.

8І ўстрывожылі людзей і начальнікаў горада, якія слухалі гэта,

9але гэтыя, атрымаўшы заруку ад Ясона і іншых, адпусьцілі іх.

10А браты адразу ўначы адправілі Паўла і Сілу ў Вэрыю, прыбыўшы куды, яны пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

11Тутэйшыя былі больш дабрамысныя за Фесалоніцкіх: яны прынялі слова з усёй шчырасьцю, дзень у дзень разьбіраючы Пісаньні, ці так яно акурат ёсьць.

12І многія зь іх уверавалі, і з Элінскіх знакамітых жанчын і з мужчын нямала.

13Але калі Фесалоніцкія Юдэі даведаліся, што і ў Вэрыі прапаведана Паўлам слова Божае, дык прыйшлі і туды, узрушаючы і бунтуючы людзей.

14Тады браты адразу адпусьцілі Паўла, быццам ідзе ён да мора; а Сіла і Цімафей засталіся там.

15Паўлавыя праваднікі давялі яго да Афінаў і, атрымаўшы наказ да Сілы і Цімафея, каб яны хутчэй прыйшлі да яго, выправіліся.

16Чакаючы іх у Афінах, Павал узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў.

17І вось ён разважаў у сынагозе зь Юдэямі і з богашаноўцамі і штодня на плошчы з выпадковымі.

18Некаторыя эпікурэйскія і стаічныя філосафы пачалі спрачацца зь ім; і адны казалі: «што хоча сказаць гэты марнаслоў?», а другія: «здаецца, ён прапаведуе чужых божышчаў», бо ён зьвеставаў ім Ісуса і ўваскрэсеньне.

19І, узяўшы яго, прывялі ў аэрапаг і казалі: ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне, якое ты прапаведуеш?

20Бо нешта дзіўнае ўкладваеш ты ў вушы нашыя; таму хочам ведаць, што гэта такое?

21А ўсе Афіняне і аселеныя ў іх чужынцы нічым так ахвотна не займалі час, як тым, каб гаварыць або слухаць што-небудзь новае.

22І Павал, стаўшы сярод аэрапага, сказаў: Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя.

23Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «невядомаму Богу». Вось Яго, Якога вы, ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам:

24Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве

25і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё.

26З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню,

27каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і не далёка ад кожнага з нас:

28бо мы Ім жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: «мы Ягоныя і род».

29І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай.

30І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца;

31бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых.

32Пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: пра гэта паслухаем цябе іншым часам.

33І тады Павал выйшаў з асяродзьдзя іхняга.

34А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверавалі; сярод іх быў Дыянісій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Дамар, і іншыя зь імі.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help