СУДЗЬДЗЯЎ 3 - Б?бл?я (пераклад В. Сёмух?)(BBL)

Суд 3

1Вось тыя народы, якіх пакінуў Гасподзь, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў, усіх, якія ня ведалі пра ўсе войны Хананэйскія, -

2дзеля таго толькі, каб ведалі і вучыліся ваяваць наступныя роды сыноў Ізраілевых, якія раней ня ведалі вайны:

3пяць уладароў Філістымскіх, усе Хананэі, Сіданяне і Эвэі, якія жылі на гары Ліван, ад гары Ваал-Эрмона да ўваходу ў Эмат.

4Яны былі пакінуты, каб выпрабоўваць імі Ізраільцянаў і даведацца, ці слухаюцца яны запаведзяў Гасподніх, якія Ён наказаў бацькам іхнім праз Майсея.

5І жылі сыны Ізраілевыя сярод Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:

6і бралі дочак іхніх сабе за жонак, і сваіх дочак аддавалі за сыноў іхніх, і служылі багам іхнім.

7І ўчынілі сыны Ізраілевыя ліхое перад вачыма Госпада, і забылі Госпада, Бога свайго, і служылі Ваалам і Астартам.

8І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Хусарсатэму, цару Месапатамскаму, і служылі сыны Ізраілевыя Хусарсатэму восем гадоў.

9Тады заенчылі сыны Ізраіля да Госпада, і паставіў Гасподзь ратаўніка сынам Ізраілевым, які ўратаваў іх, Гатанііла, сына Кеназа, малодшага брата Халева.

10На ім быў Дух Гасподні, і быў ён судзьдзя Ізраіля. Ён выйшаў на вайну, і аддаў Гасподзь у рукі яму Хусарсатэма, цара Месапатамскага, і адолела рука ягоная Хусарсатэма.

11І спакойна было ў зямлі сорак гадоў. І памёр Гатанііл, сын Кеназаў.

12Сыны Ізраілевыя зноў пачалі ўчыняць ліхое перад вачыма Госпада, і ўмацаваў Гасподзь Эглона, цара Маавіцкага, супроць Ізраільцянаў, за тое, што ўчынялі яны ліхое перад вачыма Госпада.

13Ён сабраў да сябе Аманіцянаў і Амалікіцянаў, і пайшоў і пабіў Ізраільцянаў, і авалодалі яны горадам Пальм.

14І служылі сыны Ізраілевыя Эглону, цару Маавіцкаму, васямнаццаць гадоў.

15Тады заенчылі сыны Ізраілевыя да Госпада, і Гасподзь паставіў ім ратаўніка Аода, сына Геры, сына Эмініевага, які быў ляўко. І паслалі сыны Ізраілевыя зь ім дарункі Эглону, цару Маавіцкаму.

16Аод зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і падперазаў яго пад плашчом сваім да правага сьцягна.

17І паднёс дарункі Эглону, цару Маавіцкаму; а Эглон быў чалавек вельмі тоўсты.

18Калі паднёс Аод усе дарункі і правёў людзей, якія прынесьлі дарункі,

19дык сам вярнуўся ад балванаў, якія ў Галгале, і сказаў: у мяне ёсьць таемнае слова табе, цару. Той сказаў: цішэй! І выйшлі ад яго ўсе, што стаялі пры ім.

20Аод падышоў да яго; ён сядзеў у прахалодным пакоі, які быў у яго асобна. І сказаў Аод: у мяне ёсьць да цябе слова Божае. Эглон устаў з крэсла.

21Аод працягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага сьцягна свайго, і ўсадзіў яго ў чэрава ягонае,

22так што ўвайшла за вастрыём і тронка, і тлушч закрыў вастрыё; бо Аод ня выняў меча з чэрава ягонага, і ён прайшоў у заднія часткі.

23І выйшаў Аод за дзьверы, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакоя, і замкнуў.

24Калі ён выйшаў, рабы Эглона прыйшлі, і бачаць, вось, дзьверы верхняга пакоя замкнутыя, і кажуць: мабыць, ён дзеля патрэбы ў прахалодным пакоі.

25Чакалі даволі доўга, але бачачы, што ніхто не адчыняе дзьвярэй сьвяцёлкі, узялі клюя і адамкнулі, і вось, гаспадар іхні ляжыць на зямлі мёртвы.

26Пакуль яны здаўмяваліся, Аод тым часам сышоў, прайшоў міма балванаў і ўратаваўся ў Сэіраце.

27А прыйшоўшы, затрубіў у трубу на гары Яфрэмавай, і сышлі зь ім сыны Ізраілевыя з гары, і ён ішоў наперадзе іх.

28І сказаў ім: ідзеце за мною: бо аддаў Гасподзь ворагаў вашых Маавіцянаў у рукі вашыя. І пайшлі за ім, і перахапілі пераправу церазь Ярдан да Маава, і не давалі нікому пераходзіць.

29І пабілі ў той час Маавіцянаў каля дзесяці тысяч чалавек, усіх здаровых і дужых, і ніхто ня ўцёк.

30Так упакорыліся ў той дзень Маавіцяне Ізраілю, і было спакойна ў зямлі восемдзесят гадоў.

31Пасьля Аода быў Самэгар, сын Анатаў, які шэсьцьсот чалавек Філістымлянаў пабіў валовым ражном; ён таксама ўратаваў Ізраіля.

Blog
About Us
Message
Site Map

Who We AreWhat We EelieveWhat We Do

Terms of UsePrivacy Notice

2025 by iamachristian.org,Inc All rights reserved.

Home
Gospel
Question
Blog
Help